[go: up one dir, main page]

Jump to content

Wikimedia Foundation Universal Code of Conduct

From Wikimedia Foundation Governance Wiki
This page is a translated version of the page Policy:Universal Code of Conduct and the translation is 93% complete.
Outdated translations are marked like this.
Wikimedia Foundation Universal Code of Conduct

Чаму мы маем Усеагульны звод паводзінаў

Мы верым ва ўмацаваньне як мага большага магчымага ліку людзей, каб тыя дзейна ўдзельнічалі ў праектах і пляцоўках «Вікімэдыі», каб дасягнулі нашага бачаньня сьвету, у якім кожная і кожны могуць дзяліцца сумай ўсіх чалавечых ведаў. Мы верым, што нашыя супольнасьці ўдзельніц і ўдзельнікаў маюць быць настолькі разнастайнымі, улучальнымі і даступнымі, наколькі магчыма. Мы жадаем, каб гэтыя супольнасьці былі станоўчымі, бясьпечнымі і здаровымі асяродзьдзямі для любога, хто далучаецца (і жадае далучыцца) да іх. Мы адданыя забесьпячэньню таго, каб так заставалася, у тым ліку праз падтрымку гэтага Зводу паводзінаў і перагляд дзеля абнаўленьняў пры патрэбе. Мы таксама жадаем абараніць нашыя праекты ад тых, хто пашкоджвае і перакручвае зьмест.

У адпаведнасьці з прызначэньнем «Вікімэдыі» ўсе, хто бяруць удзел у праектах і пляцоўках «Вікімэдыі», будуць:

  • дапамагаць ствараць сьвет, у якім кожная і кожны могуць вольна дзяліцца сумай усіх ведаў;
  • часткай сусьветнай супольнасьці, якая пазьбягацьме настроенасьці і прадузятасьці;
  • імкнуцца да дакладнасьці і правяральнасьці ўсёй сваёй працы.

Гэты Ўсеагульны звод паводзінаў (УЗП) вызначае найменшы набор рэкамэндацыяў чаканых і прымальных паводзінаў. Ён тычыцца кожнай і кожнага, хто ўзаемадзейнічае і дапісвае ў праекты і пляцоўкі «Вікімэдыі» анлайн і па-за Сецівам. Гэта ўлучае новых і дасьведчаных удзельніц і ўдзельнікаў, службоўцаў у праектах, арганізатарак(-ў) мерапрыемстваў і ўдзельніц(-каў), супрацоўніц(-каў) і сябраў(-овак) управыў аддзелаў, а таксама Фундацыі «Вікімэдыя». Ён тычыцца ўсіх праектаў, тэхнічных пляцовак, вочных і завочных мерапрыемстваў «Вікімэдыі», як і для наступных выпадкаў:

  • прыватных, грамадзкіх і паўграмадзкіх узаемадзеяньняў;
  • абмеркаваньняў нязгоды і выяўленьня салідарнасьці між сябр(-оўк)амі супольнасьці;
  • справаў тэхнічнай распрацоўкі;
  • акалічнасьцяў дапісваньня зьместу;
  • справаў прадстаўленьня аддзелаў і супольнасьцяў перад вонкавымі супольнікамі.

1 — Уступ

Усеагульны звод паводзінаў дае аснову паводзінаў для супрацы ў праектах «Вікімэдыі» па ўсім сьвеце. Супольнасьці могуць дадаваць да гэтага, каб распрацаваць правілы, якія ўлічваюць мясцовы і культурны кантэкст пры падтрыманьні мерак, пералічаных тут у якасьці найменшага ўзору.

Усеагульны звод паводзінаў тычыцца аднолькава ўсіх вікімэдыек і вікімэдыйцаў без усялякіх выняткаў. Дзеяньні, якія пярэчаць Усеагульнаму зводу паводзінаў, могуць прывесьці да абмежаваньняў. Іх могуць накласьці прызначаныя службоўцы (як належыць у мясцовым кантэксьце) і Фундацыя «Вікімэдыя» ў якасьці праўнага ўласьніка плятформаў.

2 — Чаканыя паводзіны

Кожны вікімэдыец, ці гэта новы або дасьведчаны рэдактар, служовец супольнасьці, сябра ўправы або супрацоўнік аддзелу або Фундацыі «Вікімэдыя», нясе адказнасьць за свае ўласныя паводзіны.

Ва ўсіх праектах, пляцоўках і мерапрыемствах «Вікімэдыі» паводзіны будуць грунтавацца на павазе, выхаванасьці, калегіяльнасьці, салідарнасьці і добрасуседзтве. Гэта тычыцца ўсіх дапісчыц(-каў) і ўдзельніц(-каў) у іх узаемінах з усімі дапісчыц(-к-)амі і ўдзельніц(-к)амі без чаканьняў на падставе ўзросту, душэўных і цялесных зьнявечаньняў, цялеснага выгляду, краёвага, веравальнага, народнага і культурнага паходжаньня, саслоўя, грамадзкага слою, валоданьня мовай, плоцевай арыентацыі, стацевай тоеснасьці, плоці і галіны працы. Мы не рабіцьмем выняткаў і на падставе рэпутацыі, навыкаў і дасягненьняў ў праектах і руху «Вікімэдыі».

2.1 — Узаемапавага

Мы чакаем ад ўсіх вікімэдыйцаў павагі да іншых. У зносінах зь людзьмі ў асяродзьдзях «Вікімэдыі» анлайн і па-за Сецівам мы будзем абыходзіцца адно з адным з узаемапавагай.

Гэта ўлучае, але не абмяжоўваецца наступным:

  • Будзьце спагадлівымі. Слухайце і спрабуйце зразумець, што вікімэдыйцы рознага паходжаньня жадаюць Вам сказаць. Будзьце гатовымі выпрабаваць і прыстасаваць сваё ўласнае разуменьне, чаканьні і паводзіны як вікімэдыец(-йка).
  • Мяркуйце пра добрасумленнасьць і займайцеся стваральнымі праўкамі. Вашыя дапісваньні маюць паляпшаць якасьць праекту і працы. Давайце і атрымлівайце зваротную сувязь прыязна і добрасумленна. Крытыка мае накіроўвацца чулым і канструктыўным чынам. Усе вікімэдыйкі(-цы) маюць меркаваць, што іншыя тут, каб супольна палепшыць праекты, пакуль не існуе іншага доказу, але гэта не мае выкарыстоўвацца для апраўданьня заяваў са шкодным уплывам.
  • Шануйце спосаб, якім удзельнікі сябе называюць і апісваюць. Людзі могуць карыстацца адмысловымі паняткамі, каб апісаць сябе. У якасьці знаку пашаны карыстайцеся гэтымі паняткамі, калі стасуецеся з гэтымі людзьмі і згадваеца іх пры моўнай і тэхнічнай магчымасьці. Прыклады ўлучаюць:
    • Народнасьці могуць карыстацца адмысловай назвай для саманайменьня замест гістарычнай назвы, якой карыстаюцца іншыя;
    • Людзі могуць мець імёны, якія выкарыстоўваць літары, гукі і словы зь іх мовы, якія могуць быць незнаёмымі для вас;
    • Людзі, якія атаясамліваюцца з пэўнай плоцевай арыентацыяй і стацьцю пры выкарыстаньні адрозных імёнаў і займеньнікаў;
    • Людзі з пэўнай цялеснай і душэўнай зьнявечанасьцю могуць карыстацца пэўнымі паняткамі для саманайменьня.
  • Падчас вочных сустрэчаў мы будзем вітаць кожную і кожнага, а таксама будзем уважлівымі і паважлівымі да перавагаў, межаў, чуласьцяў, традыцыяў і патрабаваньняў адно аднаго.

2.2 — Выхаванасьць, калегіяльнасьць, узаемападтрымка і добрасуседзтва

Мы імкнёмся да наступных паводзінаў:

  • Выхаванасьць — ветлівасьць у паводзінах і прамове сярод людзей, у тым ліку незнаёмцаў.
  • Калегіяльнасьць — сяброўская падтрымка, якую людзі ў агульным намаганьні даюць адно аднаму.
  • Узаемападтрымка і добрасуседзтва абазначаюць узяцьцё дзейнай адказнасьці за ўпэўненьне, што праекты «Вікімэдыі» ёсьць плённымі, прыемнымі і бясьпечнымі прасторамі, ды садзейнічаюць прызначэньню «Вікімэдыі».

Гэта ўлучае, але не абмяжоўваецца наступным:

  • Настаўленьне і навучаньне. Дапамога пачаткоўцам знайсьці свой шлях і здабыць істотныя навыкі.
  • Пільнасьць да саўдзельнікаў. Дапамажыце ім, калі патрабуецца падтрымка, і выказвайцеся за іх, калі зь імі абыходзяцца такім чынам, які не дацягвае да чаканых паводзінаў паводле Ўсеагульнага зводу паводзінаў.
  • Прызнавайце і ўслаўляйце працу, зробленую ўдзельнік(-ц-)амі. Дзякуйце ім за дапамогу і працу. Ушаноўвайце іх намаганьні і ўслаўляйце належнае.

3 — Непрымальныя паводзіны

Усеагульны звод паводзінаў накіраваны на дапамогу сяброўкам і сябрам супольнасьці выявіць абставіны кепскіх паводзінаў. Наступныя паводзіны лічацца непрымальнасьці ў межах Вікіруху:

3.1 — Назаляньне

Гэта ўлучае паводзіны, накіраваныя найперш на запалохваньне, абурэньне і засмучэньне асобы, або паводзіны, дзе гэта разумна палічаць найверагоднейшым асноўным наступствам. Паводзіны могуць палічыць назаляньнем, калі яны выходзяць за межы таго, што ад разважлівай асобы чакацьмуць выцярпець у сусьветным міжкультурным асяродзьдзі. Назаляньне часта набывае выгляд пачуцьцёвага злоўжываньня, асабліва людзьмі ў падвержаным стане, і можа ўлучаць зварот на месца працы або да сяброў і чальцоў сям’і з намаганьнем запалохаць або зьбянтэжыць. У некаторых выпадках паводзіны, якія не ўздымаюцца да ўзроўню назаляньня ў адзіным выпадку, могуць стаць назаляньнем праз паўтор. Назаляньне ўлучае, але не абмяжоўваецца наступным:

  • Абразы. Гэта ўлучае абзываньне, выкарыстаньне жаргону і стэрэатыпаў, а таксама нападкі на падставе асабістых якасьцяў. Абразы могуць адносіцца да ўспрыманых якасьцяў, як то розум, выгляд, народнасьць, раса, вера (або адсутнасьць такой), культура, плоць, зьнявечаньне, узрост, грамадзянства, палітычная прыхільнасьць і іншыя якасьці. У некаторых выпадках паўторная кпіна, сарказм і нападка складаюць абразы разам, нават калі асобныя заявы не.
  • Плоцевае дамаганьне. Плоцевая ўвага або заляцаньне ўсялякага кшталту да іншых, дзе асоба ведае або падставова мае ведаць, што такая ўвага не вітаецца або ў становішчах, дзе згоду немагчыма выказаць.
  • Пагрозы. Відавочны або няяўны намёк на магчымасьць цялеснага гвалту, несправядлівага бянтэжаньня, несправядлівай і неабгрунтаванай рэпутацыйнай шкоды або запалохваньне намёкам на беспадстаўнае праўнае дзеяньне, каб выйграць спрэчку або змусіць кагосьці паводзіць сябе пажаданым чынам.
  • Заахвочаньне шкоды іншым. Гэта ўлучае заахвочаньне кагосьці іншага ўчыніць самапашкоджаньне або самагубства, як і заахвочаньне кагосьці ўчыніць гвалтоўныя напады на трэці бок.
  • Раскрыцьцё асабістых зьвестак. Пашырэньне прыватных зьвестак іншых удзельнікаў, як то імя, месца працы, фізычнага адрасу або электроннай пошты бязь іх выразнай згоды ў праекце «Вікімэдыі» або ў іншым месцы, ці пашырэньне зьвестак датычна іх вікідзейнасьці па-за праектамі.
  • Перасьлед. Адсочка асобы ў праектах і паўтаральная крытыка іх працы пераважна з намерам засмуціць і адахвоціць. Супольнасьцям можа спатрэбіцца зьвярнуцца да іх вызначаным супольнасьцю спосабам, калі складанасьці працягваюцца пасьля намаганьняў зносінаў і асьветы.
  • Тролінг. Сумыснае перабіваньне размоваў і вераломныя допісы, каб наўмысна раззлаваць.

3.2 — Злоўжываньне ўладай, прывілеем і ўплывам

Злоўжываньне адбываецца, калі хтосьці на сапраўднай або ўяўнай пасадзе з уладай, прывілеем і ўплывам выяўляе зьняважлівыя, лютыя і гвалтоўныя паводзіны да іншых людзей. У асяродзьдзях «Вікімэдыі» гэта можа набыць выгляд вуснага і душэўнага злоўжываньня і спалучацца з назаляньнем.

  • Злоўжываньне пасадай з боку службоўцы, чыноўніка і пэрсаналу. Выкарыстаньне паўнамоцтваў, ведаў і сродкаў у распараджэньні прызначаных службоўцаў, як і чыноўнікаў ды пэрсаналу Фундацыі «Вікімэдыя» або аддзелаў «Вікімэдыі», каб запалохаць і пагражаць іншым.
  • Злоўжываньне старэйшасьцю і сувязямі. Выкарыстаньне становішча і славы, каб запалохаць іншых. Мы чакаем ад людзей са значным досьведам і сувязямі ў руху паводзінаў з асаблівым клопатам, бо варожыя заўвагі ад іх могуць прынесьці ненаўмысны адказ. Людзі з паўнамоцтвамі супольнасьці маюць адмысловы прывілей разглядацца ў якасьці надзейных і ня маюць злоўжываць гэтым дзеля нападу на тых, хто нязгодны зь імі.
  • Душэўнае маніпуляваньне. Злоснае выкліканьне ў кагосьці сумневу ва ўласным успрыманьні, адчуваньні і разуменьні з мэтай перамогі ў спрэчцы або змусіць кагосьці паводзіць сябе пажаданым чынам.

3.3 — Вандалізм супраць зьместу і злоўжываньне праектамі

Сумыснае ўвядзеньне прадузятага, хлусьлівага, недакладнага і неналежнага зьместу або затрымка і тармажэньне стварэньня (і падтрыманьня) зьместу або іншая перашкода яго стварэньню. Гэта ўлучае, але не абмяжоўваецца наступным:

  • Паўторнае спрэчнае і нематываванае прыбіраньне зьместу без належнага абмеркаваньня і падачы тлумачэньня.
  • Пасьлядоўнае маніпуляваньне зьместам на карысьць адмысловага тлумачэньня зьяваў і кропак гледжаньня (таксама шляхам несумленнага і сумыснага хлусьлівага адбору крыніцаў і перайначваньне слушнага спосабу складаньня рэдактарскага зьместу);
  • Прамова нянавісьці ва ўсялякім выглядзе або маўленьне зьняпраўленьня, накіраванае на ачарненьне, прыніжэньне і заклік да нянавісьці супраць асобаў і суполак на падставе таго, кім яны ёсьць або іх асабістых перакананьняў;
  • Выкарыстаньне знакаў, выяваў, катэгорыяў, бірак і іншых відаў зьместу, якія запалохваюць іншых і шкодзяць ім па-за кантэкстам энцыкляпэдычнага і інфармацыйнага выкарыстаньня. Гэта ўлучае накладаньне схемаў на зьмест, накіраваных на выцісканьне і выгнаньне.