[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Пячатка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пячаць Познані з гербам, XIV ст.

Пяча́тка[1], або пяча́ць[2] — прадмет з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-небудзь дакументу верагоднасць і юрыдычную сілу. Пячаткі вывучае сфрагістыка.

Пячаткі вядомы з 4 тысячагоддзя да н.э. у краінах Старажытнага Усходу. У Старажытнай Грэцыі і Рыме пячаткі рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, якія як узоры мастацтва вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама пячаткамі-пярсцёнкамі. З канца IV ст. ў Рыме былі віслыя пячаткі — булы, якія адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў.

У канцы X ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найбольшая колькасць віслых пячатак знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых пячатак для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на Бугу (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).

Пячатка Ефрасінні Полацкай з Ноўгарада
Мельнскі дагавор, да якога з боку Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага да было прывешана каля 120 віслых пячатак

Знойдзены пячаткі XII ст. — Ефрасінні Полацкай і яе маці Сафіі, полацкіх епіскапаў Дыянісія і Міны. Пячаткі і з выявамі расквітнелага крыжа і Святога Глеба належалі менскаму князю Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена пячатка кіеўскага мітрапаліта Кірылы XIII ст. У першай палове XIV ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы XIV —XV стст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя пячаткі. Паводле тыпаў пячатак XIV—XV стст. былі княжацкія, епіскапскія, гарадскія, баярскія і іншыя.

У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. ужываліся асабістыя пячаткі-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў XIV—XVII стст. многія беларускія гарады мелі пячаткі з выявамі гербаў. Старажытныя адбіткі пячатак падзяляюцца на металічныя (X—XV ст.), васковыя (XIV—XVII ст.), сургучныя (з канца XVII ст.), курадымныя (XVIII—XIX стст.). У канцы XIX ст. ўзніклі каўчуковыя штэмпелі і спецыяльная масціка, каб рабіць адбітак на паперы.

У Рэспубліцы Беларусь існуюць гербавыя і простыя пячаткі. На гербавай назва дзяржаўнай арганізацыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. На простых пячатках няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арганізацыі, недзяржаўныя прадпрыемствы і асобы (напрыклад, урачы). Адзін з відаў простай пячаткі — вуглавы і іншыя штампы.

  1. Паводле ТСБМ: пячатка, -і, ДМ -тцы; родны склон множны лік -так; жаночы род — Тое, што і пячаць; невялікая пячаць.
  2. Паводле ТСБМ: пячаць, -і, жаночы род — Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго-н.