Айртан Сена
Айртан Сена | |||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Грамадзянства | Бразілія | ||||||||||||||||||||||||
Дата нараджэння | 21 сакавіка 1960 | ||||||||||||||||||||||||
Месца нараджэння | |||||||||||||||||||||||||
Дата смерці | 1 мая 1994 (34 гады) | ||||||||||||||||||||||||
Месца смерці | |||||||||||||||||||||||||
Выступленні ў «Формуле-1» | |||||||||||||||||||||||||
Сезоны | 1984—1994 | ||||||||||||||||||||||||
Каманды |
Тоўлман, Лотус, Макларэн, Уільямс |
||||||||||||||||||||||||
Гран-пры | 162 (161 старт) | ||||||||||||||||||||||||
Чэмпіён свету | 3 (1988, 1990, 1991) | ||||||||||||||||||||||||
Дэбют | Бразілія 1984 | ||||||||||||||||||||||||
Апошні Гран-пры | Сан-Марына 1994 † | ||||||||||||||||||||||||
|
|||||||||||||||||||||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
А́йртан Се́на да Сі́лва (парт.: Ayrton Senna da Silva, 21 красавіка 1960, Сан-Паўлу, Бразілія — 1 мая 1994, Балоння, Італія) — бразільскі аўтагоншчык, трохразовы чэмпіён свету па аўтагонках у класе Формула-1 (1988, 1990 і 1991).
Паводле вынікаў апытання, праведзенага брытанскім тыднёвікам «Autosport » сярод былых і дзеючых удзельнікаў чэмпіянату Формулы-1, Сена быў прызнаны найлепшым гоншчыкам у гісторыі Формулы-1. Усяго за 10 гадоў выступаў ён выйграў больш за 40 гонак і ўстанавіў рэкорд па ліку поул-пазіцый . Ён атрымаў ад прэсы мянушку «Чараўнік».
Найбольш яркая старонка біяграфіі Сены — яго саперніцтва з Аленам Простам у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.
Загінуў у 1994 годзе ў аварыі на Гран-пры Сан-Марына ў Імоле .
Маладосць
[правіць | правіць зыходнік]Айртан Сена — старэйшы сын багатага землеўладальніка. Яго бацька спрыяў развіццю гоначных талентаў сына, пасадзіўшы таго за руль карта ўжо ў чатыры гады. Акрамя таго, у будучага чэмпіёна з'явіўся і асабісты гоначны менеджар — Арманда Батэллю. У дзесяць гадоў Айртан атрымаў у падарунак больш магутны карт, але яму не дазволілі выступаць у гарадскіх спаборніцтвах — там удзельнічалі гоншчыкі ад 13 гадоў.[6] Таму ў трынаццаць гадоў Айртан упершыню ўдзельнічаў у спаборніцтвах па картынгу . Ён апісаў гэты эпізод у дакументальным нарысе, апублікаваным на пачатку 1980-х гадоў. Айртан успамінаў, што гонка праходзіла на вуліцах горада, а стартавыя пазіцыі былі напісаны на аркушах, якія затым удзельнікі выцягвалі з шлема. Айртану дастаўся першы нумар, і ён стартаваў з поула. Амаль усе ўдзельнікі былі больш дасведчаныя за яго, аднак не маглі дагнаць яго на прамых, паколькі ён быў лягчэйшы і яго аўтамабіль ехаў хутчэй. Павароты Айртан праходзіў павольней, і ў адным з паваротаў у яго машыну хтосьці ўрэзаўся ззаду, што прывяло да аварыі і Айртан вылецеў з трасы.
У 1977 годзе ён выйграў чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі па картынгу[6]. Затым ён удзельнічаў у чэмпіянаце свету і займаў другія месцы ў сямі гонках, але ні разу не змог перамагчы.
У 1978 годзе бразілец адправіўся ў Еўропу, дзе адразу выйграў брытанскі чэмпіянат у класе Формула Форд 1600 . З 1982 года Айртан пачаў выступаць пад дзявоцкім прозвішчам сваёй маці — Сена, паколькі прозвішча да Сілва было занадта распаўсюджаным у Бразіліі[7]. У 1982 годзе Сена выйграў еўрапейскі і брытанскі чэмпіянаты Формулы — Форд 2000 . У 1983 годзе з 13 перамогамі ў 20 гонках ён стаў чэмпіёнам брытанскай Формулы-3 , перамогшы пры гэтым у найпрэстыжнейшым Гран-пры Манака, на працягу года ён тэсціраваў машыны розных каманд Формулы-1: «Williams», «McLaren», «Brabham » і «Toleman » і зарэзерваваў сабе месца баявога пілота ў апошняй у сезоне 1984 года гонцы[7].
Пачатак кар'еры ў Формуле-1
[правіць | правіць зыходнік]Каманда «Тоулман» была невялікай у параўнанні з іншымі вядомымі камандамі таго часу, як то «Вільямс», «Макларэн» або «Брэбем». Нягледзячы на гэта, ёй удалося стварыць някепскую машыну, на якой Сена і паказаў упершыню свой талент гоншчыка ў Формуле-1.
Сена дэбютаваў на Гран-пры Бразіліі 25 сакавіка 1984 года, але з-за няспраўнасці турбакампрэсара быў вымушаны сыйсці на восьмым крузе[8]. Першае ачко ў чэмпіянаце свету Формулы-1 ён зарабіў 7 красавіка 1984 г. на трасе ў К'яламі , дзе праходзіў Гран-пры Паўднёвай Афрыкі . У трох наступных гонках ён набраў яшчэ два ачкі, а затым на Гран-пры Манака, правёўшы цяжкую гонку ва ўмовах моцнага дажджу і абагнаўшы некалькі гоншчыкаў, якія мелі тэхнічна лепшыя машыны (у тым ліку двухразовага чэмпіёна свету Нікі Лауду), заняў другое месца, выйграць яму перашкодзіла толькі спыненне гонкі. Затым падчас сезона Сена яшчэ два разы падымаўся на подыум, заняўшы трэцяе месца ў Гран-пры Вялікабрытаніі і Партугаліі , і ў выніку заняў у чэмпіянаце дзявятае месца.
Кар’ера ў Lotus
[правіць | правіць зыходнік]У наступным, 1985 годзе, Сена перайшоў у больш моцную каманду — «Лотус » (гэты пераход суправаджаўся непаразуменнямі з камандай «Тоулман», з якой у Сены быў кантракт яшчэ на год і якая не хацела адпускаць яго). Каманда «Лотус» сабрала тады адну з найлепшых сваіх машын таго перыяду — 97T , партнёрам Сены па камандзе быў Эліа дэ Анджэліс . На першай трасе сезона — Гран-пры Бразіліі — Сена вымушаны быў сысці праз праблемы з электронікай. Падчас другой гонкі сезона — Гран-пры Партугаліі, якая праходзіла 21 красавіка 1985 года на трасе ў Эштарыле пад моцнай залевай, Сена, які ўпершыню стартаваў з поула, змог выйграць сваю першую гонку ў Формуле-1, заваяваўшы «Вялікі шлем». Аднак астатнія гонкі сезона былі азмрочаныя шматлікімі тэхнічнымі праблемамі, і, нягледзячы на тое, што Сена нярэдка заваёўваў першыя пазіцыі ў кваліфікацыях, завяршыць гонкі яму не ўдавалася. Ён змог атрымаць яшчэ толькі адну перамогу — на трасе Спа, дзе праходзіла Гран-пры Бельгіі . Да канца сезона Айртан набраў 38 ачкоў і заняў у чэмпіянаце чацвёртае месца. У той перыяд адным з галоўных супернікаў Сены быў Эліа дэ Анджэліс. Эліа быў яго напарнікам па Лотусе ў 1985 годзе і набраў усяго на пяць ачкоў менш за бразільца. Да таго ж, у італьянца была адна перамога, што сведчыла аб невыпадковасці добрага выступу. Дэ Анджэліс не падабаўся Сену, і ён адкрыта заявіў, што не будзе працаваць з ім у адной камандзе. Італьянца папрасілі сысці. Пазней бразілец аргументаваў гэта тым, што ў Лотусе не змаглі б аднолькава ставіцца да абодвух пілотаў. Так ці інакш, але ў 1986 годзе другое месца ў камандзе заняў Джоні Дамфрыз . Вынікі арыстакрата з Вялікабрытаніі абмежаваліся трыма ачкамі, той сезон апынуўся для яго першым і апошнім. А Эліа перайшоў у Брэбем і загінуў у наступным годзе на тэстах у Поль-Рыкар .
Другі сезон у «Лотусе», 1986 года, склаўся ў Сены лепей дзякуючы таму, што інжынеры каманды добра папрацавалі над машынай і яна стала больш надзейнай. На старце сезона ў Гран-пры Бразіліі Сена заняў другое месца ўслед за сваім суайчыннікам Нельсанам Піке (старэйшым), а затым захапіў лідарства ў чэмпіянаце свету пасля перамогі на трасе Херэс у Іспаніі, дзе ён да апошняй секунды стрымліваў Найджэла Мэнсела, які ішоў другім і на фінішы адстаў ад Сены ўсяго на 0,014 секунды. Але гэтае лідарства не пратрымалася доўга — чэмпіянат стаў арэнай барацьбы галоўным чынам «Макларэна» і «Вільямса», а «Лотус» зноў стаў пакутаваць ад механічных праблем. Нягледзячы на гэта, Сена атрымаў яшчэ адну перамогу і яшчэ ў трох гонках змог заняць другое месца і скончыў чэмпіянат з 55 ачкамі, заваяваўшы пры гэтым восем поулаў. Аднак пілоты «Макларэна» і «Уільямса» — Прост, Піке і Мэнсел — выступілі так добра, што гэтых ачкоў Сену зноў хапіла толькі для чацвёртага месца ў чэмпіянаце.
Сезон 1987 таксама быў перспектыўным. Кампанія «Рэно» абвясціла аб сыходзе з аўтаспорту, і каманда «Лотус» стала выкарыстоўваць матор «Хонда», які быў больш магутным і надзейным. Пачатак сезона ў Сены не склаўся, але па ходу ён выйграў дзве гонкі запар — прэстыжны Гран-пры Манака і Гран-пры ЗША ў Дэтройце — і зноў апынуўся лідарам чэмпіянату. Але Мэнсел і Піке на «Вільямсе» і ў гэтым сезоне паказвалі надзвычай добрыя вынікі, Сену было цяжка за імі ўгнацца, і пасля Гран-пры Мексікі , дзе Сена вылецеў з трасы з-за няспраўнага счаплення, ён страціў шанцы на чэмпіёнскі тытул, за які працягвалі змагацца паміж сабой Піке і Мэнсел. За дзве гонкі да канца сезона Мэнсел патрапіў у аварыю на свабодных заездах перад Гран-пры Японіі і не змог прыняць удзел у гэтай гонцы, а таксама ў наступным Гран-пры Аўстраліі. Гэта давала Сену шанцы і ён заняў другія месцы ў абедзвюх гонках, набраўшы дастаткова ачкоў для выніковага другога месца. Аднак пасля Гран-пры Аўстраліі сцюарды выявілі, што адтуліны для ахалоджвання тармазоў на машыне Сены былі шырэйшыя за прадугледжаныя рэгламентам, і Сена быў дыскваліфікаваны. Праз гэта паводле вынікаў сезона ён з 57 ачкамі заняў трэцяе месца.
У ходзе сезона 1987 г. у Сены ўсталяваліся добрыя адносіны з кампаніяй «Хонда», і, калі ў канцы сезона тэрмін кантракта Сены з камандай «Лотус» скончыўся, ён быў запрошаны ў каманду «Макларэн», якая таксама выкарыстоўвала маторы «Хонда».
Кар'ера ў McLaren
[правіць | правіць зыходнік]У 1988 г. Сена апынуўся ў «Макларэне», дзе яго напарнікам стаў Ален Прост, на той момант двухразовы чэмпіён свету. Так быў пакладзены пачатак жорсткай канкурэнцыі паміж імі, кульмінацыяй якой сталі некалькі гоначных інцыдэнтаў з удзелам двух пілотаў. У сезоне 1988 г. на долю гэтай пары прыйшліся 15 перамог з 16 (толькі Гран-пры Італіі выйграла каманда «Ферары»), з якіх 8 належалі Сену і 7 — Просту. У чэмпіянаце Прост набраў больш ачкоў у агульнай колькасці, але ў той час у залік чэмпіянату ішлі вынікі толькі 11 лепшых гонак, таму чэмпіёнам у выніку стаў Сена.
У наступным сезоне 1989 г. канкурэнцыя яшчэ больш абвастрылася. Яна пачала вылівацца ў пастаянную барацьбу на трасе і псіхалагічную вайну па-за яе межамі. Тыповым эпізодам гэтай барацьбы стаў, напрыклад, Гран-пры Германіі , дзе Прост і Сена змагаліся за першае месца на працягу ўсёй гонкі; выйграў яе Сена. Чэмпіёнам стаў Прост пасля інцыдэнту ў перадапошняй гонцы на трасе ў Судзуцы , калі Сена паспрабаваў ажыццявіць цяжкі абгон, і дзве машыны сутыкнуліся, зачапіўшыся адна за адну. Гэты манеўр з боку Сены быў вельмі рызыкоўным, і многія затым крытыкавалі яго за гэтую спробу. У той жа час прызнавалася, што гэтае месца на трасе было практычна адзіным, дзе быў магчымы абгон, і калі б Сена не спрабаваў гэта зрабіць, то чэмпіёнскі тытул відавочна дастаўся б Просту. Некаторыя лічаць таксама, што ў сутыкненні быў вінаваты Прост, які не пажадаў прапусціць Сену, калі той ужо фактычна абагнаў яго па ўнутранай траекторыі. Сена змог вярнуцца ў боксы, змяніць пярэдні спойлер і працягнуць гонку, выйграўшы яе, аднак пасля гонкі ён быў дыскваліфікаваны. Сена публічна заявіў, што ў гэтым эпізодзе ён «быў груба абрабаваны», што выклікала санкцыі з боку FIA — Сену аштрафавалі на сто тысяч долараў і часова пазбавілі ліцэнзіі на ўдзел у гонках Формулы-1. Да пачатку наступнага сезона Сена, заплаціўшы штраф і папрасіўшы прабачэння перад FIA, вярнуў сабе ліцэнзію.
Перад сезонам 1990 г. Прост сышоў у каманду «Ферары», патлумачыўшы гэта тым, што ў «Макларэне» аддавалі перавагу Сену. Але лёс чэмпіянату зноў вырашаўся ў перадапошняй гонцы на той жа трасе ў Судзуцы, і зноў барацьба ішла паміж Простам і Сенам. Іх машыны зноў сутыкнуліся, на гэты раз у першым павароце пасля старту, і абодва выбылі з гонкі. Да гэтага моманту больш ачкоў было ў Сены, і ён стаў чэмпіёнам. Паводле дадзеных тэлеметрыі, Сена нават не паспрабаваў затармазіць перад сутыкненнем. Многія лічылі, што гэта была помста Просту за сутыкненне гадавой даўніны, і крытыкавалі Сену за неспартыўныя паводзіны. Сена спачатку не прызнаваў відавочную справядлівасць гэтай версіі, але і не вельмі імкнуўся абвергнуць яе; праз год у інтэрв'ю перад пачаткам Гран-пры Японіі 1991 года ён прызнаў, што справакаваў сутыкненне наўмысна, і зноў абвінаваціў FIA ў тым, што чэмпіёнскі тытул 1989 у яго адабралі[9].
У сезоне 1991 г. асноўная барацьба ішла паміж Сенам і Найджэлам Мэнселам, які выступаў за «Вільямс». Сена выйграў чатыры гонкі на пачатку сезона, у наступных гонках удача была на баку Мэнсела. Да канца сезона ішло роўнае змаганне, але на Гран-пры Японіі Мэнсел вылецеў з трасы і страціў шанцы ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул. Сена завяршыў сезон перамогай у датэрмінова спыненай гонцы ў Аўстраліі і стаў чэмпіёнам у трэці раз.
У 1992 годзе, дзякуючы інтэнсіўнай працы, праведзенай у міжсезонні інжынерамі «Вільямса», Мэнсел меў вялікую перавагу і выйграў 9 гонак з 16, датэрмінова стаўшы чэмпіёнам. Сена змог выйграць толькі тры гонкі — Гран-пры Манака, Венгрыі і Італіі, прычым перамог у Манака Сена толькі таму, што за дзесяць кругоў да фінішу на машыне Мэнсела, які ішоў першым, лопнула кола. У канцы сезона Сена сказаў, што яму перашкаджала не толькі тэхнічная перавага «Вільямса», але і адсутнасць Проста — без яго Сена страціў арыенцір, ніяк не мог успрыняць Мэнсела як сур'ёзнага суперніка, таму ў яго былі праблемы з матывацыяй.
На сезон 1993 года ў Сены не было кантракта ні з адной з каманд. Найджэл Мэнсел сышоў з Формулы-1 у серыю Індыкар , і ў каманду «Вільямс», тэхнічна лепшую на той момант, прыйшоў Ален Прост. Сена спрабаваў таксама атрымаць месца ў «Вільямс», аднак Прост запатрабаваў, каб каманда адмовілася ад такога кроку. «Макларэн» у гэты час меў праблемы: кампанія «Хонда» сышла з Формулы-1, а «Рэно», якая пастаўляла маторы «Вільямсу», адмовілася пастаўляць іх таксама і «Макларэну». Урэшце, кіраўніку каманды Рону Дэнісу ўдалося заключыць кантракт з кампаніяй «Форд», аднак ён прадугледжваў, што «Макларэну» будуць пастаўляцца менш моцныя маторы, чым камандзе «Бенетон » — асноўнаму партнёру «Форда». У «Макларэне» спадзяваліся, што ім удасца нівеляваць гэта адставанне з дапамогай лепшага шасі і больш дасканалай электронікі.[10] Сена тэставаў «Макларэн» у міжсезонні і адзначыў, што шасі выйшла сапраўды вельмі добрым, але ўсё ж недахоп магутнасці матора адчуваўся. Сена адмовіўся падпісаць кантракт з «Макларэнам» на ўвесь сезон, але пагадзіўся ездзіць, заключаючы пагадненне на кожную гонку паасобку. Пачатак сезона атрымаўся ўражваючым: на адкрыцці сезона ў Паўднёвай Афрыцы Сена заняў другое месца, а затым перамог на дзвюх гонках запар — Гран-пры Бразіліі і затым Гран-пры Еўропы (гэтая гонка, якая праходзіла ў дождж, лічыцца адной з найлепшых гонак Сены). Нечаканы поспех быў працягнуты перамогай у Гран-пры Манака. Пасля гэтага Сена падпісаў кантракт з «Макларэнам» на рэшту сезона і стаў агітаваць кампанію «Форд» пастаўляць лепшыя маторы «Макларэну». Аднак у наступных гонках Ален Прост змог лепш прыстасавацца да машыны «Вільямс», стаўшы паказваць усё лепшыя вынікі і, урэшце, выйграў чэмпіянат. Сена завяршыў сезон перамогамі ў Гран-пры Японіі і Гран-пры Аўстраліі і заваяваў віцэ-чэмпіёнскі тытул, што стала завяршэннем яго кар'еры ў камандзе «Макларэн».
Гібель Сены
[правіць | правіць зыходнік]У 1994 годзе Сена перайшоў з «Макларэна» ў «Вільямс-Рэно » — наймацнейшую на той момант каманду. Нягледзячы на заваяваны поул-пазішн у першых дзвюх гонках сезона — Гран-пры Бразіліі і Ціхага акіяна — фінішаваць у іх яму не ўдалося. Пры гэтым абедзве гонкі выйграў Міхаэль Шумахер на «Бенетон-Форд», які нечакана стаў галоўным прэтэндэнтам на тытул. 1 мая 1994 года Айртан удзельнічаў у трэцяй за сваю новую каманду гонцы — Гран-пры Сан-Марына. Ён зноў выйграў поул, але гонка скончылася для яго трагічна.
На працягу ўсяго ўікэнда, у які праходзіла гэтая гонка, пастаянна здараліся розныя непрыемнасці, з якіх найбольш сур'ёзнымі сталі дзве. Спачатку падчас пятнічных свабодных заездаў у сур'ёзную аварыю трапіў Рубенс Барыкела. Ён зламаў нос і рабро, апынуўся ў бальніцы і не змог удзельнічаць у гонцы. Барыкела нядаўна прыйшоў у Формулу-1 і лічыўся пратэжэ Сены. Сена наведаў Барыкела ў лякарні (лекары забаранілі яму гэта рабіць, таму Айртану давялося пералезці праз сцяну) і пасля размовы з ім прыйшоў да высновы, што трэба пераглядаць стандарты бяспекі ў Формуле-1. На наступны дзень падчас суботняй кваліфікацыі загінуў 33-гадовы аўстрыйскі гоншчык Роланд Ратцэнбергер , які праводзіў усяго трэці Гран-пры ў кар'еры: яго машына вылецела з трасы ў хуткасным віражы «Вільнёў» на хуткасці каля 314 кіламетраў у гадзіну і сутукнулася левым бокам аб жалезны абмежавальнік. Гэтая смерць шакавала ўсіх, паколькі на працягу папярэдніх 12 гадоў ніхто з гоншчыкаў не гінуў на трасе (у 1982 годзе ў Манрэалі падчас Гран-пры загінуў італьянец Рыкарда Палеці , а ў 1986 годзе ад атручэння чадным газам пасля аварыі на тэстах памёр іншы італьянец Эліа дэ Анджэліс) і многія ўпершыню перажывалі такі момант. Сена яшчэ больш пераканаўся ў тым, што неабходна тэрмінова прымаць меры па павышэнні бяспекі гонак. Раніцай у нядзелю па ініцыятыве Сены адбыўся сход гоншчыкаў, на якім яны дамовіліся стварыць рабочую групу па бяспецы, якая занялася б распрацоўкай плана мерапрыемстваў.
На старце гонкі балід фіна Юркі Ярвілехта заглух — і ў яго, набіраючы хуткасць, урэзаўся Педру Ламі (пры гэтым абломкамі, якія разляцеліся, былі параненыя трое гледачоў, адзін з іх цяжка), затым на трасу выпусцілі машыну бяспекі, каб хуткасць руху балідаў знізілася і можна было прыбраць абломкі. Гоншчыкі ехалі за машынай бяспекі да 6-га круга. На 7-м крузе, другім пасля сыходу машыны бяспекі і рэстарту гонкі, машына Сены сарвалася з трасы ў павароце «Тамбурэла» і на велізарнай хуткасці ўрэзалася ў бетонную сцяну. Паводле паказанняў тэлеметрыі, у момант зрыву хуткасць машыны была каля 310 кіламетраў за гадзіну, пасля гэтага Сена паспеў затармазіць і запаволіць машыну, але ўсё ж хуткасць у момант удару аб сцяну складала прыкладна 218 кіламетраў за гадзіну.
Калі стала зразумела, што Сена застаецца нерухомым у машыне, гонка была спыненая, да месца аварыі прыбылі медыкі. Калі Сену дасталі з абломкаў машыны, ён практычна не падаваў прыкмет жыцця, яму зрабілі трахеастамію і на верталёце даставілі ў шпіталь, падключыўшы да апарата штучнага дыхання. Пасля праведзенага абследавання стала ясна, што мозг Сены мёртвы і шанцаў на яго выхад з комы не засталося. Таму медыкі прынялі рашэнне спыніць штучную падтрымку жыцця яго цела. Як высветлілася пазней, пры сутыкненні правае пярэдняе кола адарвалася разам з кавалкам падвескі і ўдарыла Сену па галаве, пры гэтым металічны кавалак падвескі прабіў яго шлем і нанёс смяротную траўму.
Паводле некаторых дадзеных[11], смерць была выкліканая пераломам асновы чэрапа ў выніку велізарнай перагрузкі ў момант удару. Аднак у дакументальным фільме «Сена» гаворыцца, што на яго целе не было ніводнай зламанай косткі і нават ніводнага сіняка, то бок, калі б фатальны кавалак падвескі прайшоў на пару цаляў вышэй, Сена бы проста вылез з машыны і пайшоў у боксы. Адназначна тое, што калі б у той час выкарыстоўвалі сучасныя сродкі пасіўнай бяспекі, якія абмяжоўваюць перамяшчэнне галавы адносна плячэй, то зыход аварыі быў бы іншым.
Пасля таго, як Сену павезлі ў бальніцу, гонка была адноўлена; у ёй перамог Міхаэль Шумахер. Некаторыя медыкі і гоншчыкі лічаць, што Сена памёр адразу ж пасля аварыі і яго транспарціроўка ў бальніцу была бессэнсоўнай: арганізатары гонкі нібыта пайшлі на гэта таму, што, абвясціўшы аб смерці гоншчыка неадкладна, было б неэтычна аднаўляць гонку і яе арганізатары, уключаючы FIA, панеслі б сур'ёзныя страты[12]. Гэты пункт гледжання абвяргаецца афіцыйнымі прадстаўнікамі FIA і арганізатарамі гонкі. Насамрэч па італьянскіх законах у выпадку гібелі гоншчыка неабходна неадкладна спыніць спаборніцтвы і закрыць аўтадром. Магчыма, у гэтым і крыецца сапраўдная прычына ўтойвання часу смерці.
Сярод экспертаў да гэтага часу няма адзінства наконт прычын аварыі. Выказваліся самыя розныя версіі: ад недастатковага прагрэву шын з прычыны праезду некалькіх кругоў за машынай бяспекі да імгненнай страты прытомнасці пілотам праз высокія перагрузкі. Найбольш распаўсюджанай версіяй, якая была прызнана верагоднай італьянскім судом, які праводзіў разбіральніцтва, з'яўляецца няспраўнасць рулявога кіравання. Рулявая калонка ў балідзе Сены была штучна падоўжаная з дапамогай трубчастай устаўкі (рулявы вал у калонцы быў разрэзаны, і ў месца разрэзу была ўстаўленая сталёвая трубка, якую абварылі па краі). Пасля аварыі гэтая ўстаўка апынулася зламанай па месцы зваркі, але ці адбылося гэта непасрэдна перад аварыяй (што прывяло да вылету баліда з трасы) або яна зламалася ад удару — эксперты гэтак і не здолелі вызначыць.
Існуе яшчэ адна версія. Паводле слоў некаторых відавочцаў, за некалькі секунд да вылету з-пад дна баліда выляталі іскры, што можа сведчыць аб яго кантакце з палатном. Калі дно баліда кранаецца палатна, то частку вагі машыны яно бярэ на сябе, пры гэтым сіла счаплення пакрышак рэзка зніжаецца. Так як да гэтага пакрышкі паспелі астыць за час язды за машынай бяспекі, то счэпныя якасці пакрышак у той момант былі занадта нізкімі.
У рукаве камбінезона Сены быў знойдзены запэцканы крывёю аўстрыйскі сцяг. Найхутчэй, Сена збіраўся прысвяціць сваю перамогу Ратцэнбергеру, які загінуў за дзень да гэтага, хоць нікому не сказаў пра гэта[13]. Рэшткі машыны пасля судовага разбіральніцтва былі вернутыя камандзе «Вільямс» і, згодна з яе заявай, знішчаны.
Смерць Сены стала трагедыяй для многіх балельшчыкаў ва ўсім свеце — асабліва ў Бразіліі. Бразільскі ўрад абвясціў трохдзённую нацыянальную жалобу. У дзень пахавання Сены ў Сан-Паўлу жалобную працэсію суправаджалі некалькі мільёнаў чалавек. Адным з тых, хто нёс яго труну, быў даўні супернік Сены Ален Прост. Сену пахавалі на могілках Марумбі бліз Сан-Паўлу.
Вынікі выступаў у Формуле-1
[правіць | правіць зыходнік]Колер | Вынік |
---|---|
Золата | Пераможца |
Срэбра | 2-е месца |
Бронза | 3-е месца |
Зялёны | Фініш у ачках |
Блакітны | Фініш без ачкоў |
Фініш без класіфікацыі (NC) | |
Фіялетавы | Не фінішаваў (Ret) |
Чырвоны | Не кваліфікаваўся (DNQ) |
Не прайшоў перадкваліфікацыю (DNPQ) | |
Чорны | Дыскваліфікаваны (DSQ) |
Белы | Не Стартаваў (DNS) |
Гонку адмянілі (C) | |
Светла-блакітны | Удзельнічаў толькі ў практыцы (PO) |
Пятнічны тэст-пілот (TD) (з 2003 года) | |
Пусты | Не практыкаваўся (DNP) |
Выключаны (EX) | |
Не з’явіўся (DNA) |
Тлустым шрыфтам абазначаныя этапы, на якіх гоншчык стартаваў з поула.
Курсівам абазначаныя этапы, на якіх гоншчык меў хуткі круг.
Год | Каманда | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | Месца ў чэмпіянаце |
Ачкі ў чэмпіянаце[a] |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1984 | Тоулман | BRA Сход |
SAF 6 |
BEL 6 |
SMR НКВ |
FRA Сход |
MON 2 |
CAN 7 |
USE Сход |
USA Сход |
GBR 3 |
GER Сход |
AUT Сход |
DUT Сход |
ITA |
EUR Сход |
POR 3 |
9 | 13 |
1985 | Лотус | BRA Сход |
POR 1 |
SMR 7 |
MON Сход |
CAN 16 |
USA Сход |
FRA Сход |
GBR 10 |
GER Сход |
AUT 2 |
DUT 3 |
ITA 3 |
BEL 1 |
EUR 2 |
SAF Сход |
AUS Сход |
4 | 38 |
1986 | Лотус | BRA 2 |
ESP 1 |
SMR Сход |
MON 3 |
BEL 2 |
CAN 5 |
USA 1 |
FRA Сход |
GBR Сход |
GER 2 |
HUN 2 |
AUT Сход |
ITA Сход |
POR 4 |
MEX 3 |
AUS Сход |
4 | 55 |
1987 | Лотус | BRA Сход |
SMR 2 |
BEL Сход |
MON 1 |
USA 1 |
FRA 4 |
GBR 3 |
GER 3 |
HUN 2 |
AUT 5 |
ITA 2 |
POR 7 |
ESP 5 |
MEX Сход |
JPN 2 |
AUS ДСК |
3 | 57 |
1988 | Макларэн | BRA ДСК |
SMR 1 |
MON Сход |
MEX 2 |
CAN 1 |
USA 1 |
FRA 2 |
GBR 1 |
GER 1 |
HUN 1 |
BEL 1 |
ITA 10 |
POR 6 |
ESP 4 |
JPN 1 |
AUS 2 |
1 | 90 (94) |
1989 | Макларэн | BRA 11 |
SMR 1 |
MON 1 |
MEX 1 |
USA Сход |
CAN 7 |
FRA Сход |
GBR Сход |
GER 1 |
HUN 2 |
BEL 1 |
ITA Сход |
POR Сход |
ESP 1 |
JPN ДСК |
AUS Сход |
2 | 60 |
1990 | Макларэн | USA 1 |
BRA 3 |
SMR Сход |
MON 1 |
CAN 1 |
MEX 20 |
FRA 3 |
GBR 3 |
GER 1 |
HUN 2 |
BEL 1 |
ITA 1 |
POR 2 |
ESP Сход |
JPN Сход |
AUS Сход |
1 | 78 |
1991 | Макларэн | USA 1 |
BRA 1 |
SMR 1 |
MON 1 |
CAN Сход |
MEX 3 |
FRA 3 |
GBR 4 |
GER 7 |
HUN 1 |
BEL 1 |
ITA 2 |
POR 2 |
ESP 5 |
JPN 2 |
AUS 1 |
1 | 96 |
1992 | Макларэн | RSA 3 |
MEX Сход |
BRA Сход |
ESP 9 |
SMR 3 |
MON 1 |
CAN Сход |
FRA Сход |
GBR Сход |
GER 2 |
HUN 1 |
BEL 5 |
ITA 1 |
POR 3 |
JPN Сход |
AUS Сход |
4 | 50 |
1993 | Макларэн | RSA 2 |
BRA 1 |
EUR 1 |
SMR Сход |
ESP 2 |
MON 1 |
CAN 18 |
FRA 4 |
GBR 5 |
GER 4 |
HUN Сход |
BEL 4 |
ITA Сход |
POR Сход |
JPN 1 |
AUS 1 |
2 | 73 |
1994 | Вільямс | BRA Сход |
PFC Сход |
SMR Сход |
MON |
ESP |
CAN |
FRA |
GBR |
GER |
HUN |
BEL |
ITA |
POR |
EUR |
JPN |
AUS |
— | 0 |
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]У 1981 г. Айртан ажаніўся са сваёй даўняй сяброўкай — Ліліян ды Вашканселуш Соузай. У іх было шмат агульных інтарэсаў, некаторы час яны нават разам удзельнічалі ў гонках, але ўсё ж іх шлюб працягваўся нядоўга: у 1983 годзе яны развяліся. «Гэты шлюб быў памылкай», — казаў Сена пасля разводу, — «але яна вельмі добра гатавала». Да гэтага часу невядома, хто быў ініцыятарам разводу, але абодва прызнавалі, што Сена надаваў занадта вялікае значэнне гонкам і не мог спалучаць іх са шлюбам.[14] Пасля гэтага ў яго было нямала раманаў[15], але да жаніцьбы справа больш не даходзіла.
У 1988 г. Айртан апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу. Калі журналісты заўважылі, што Сена сябруе з Амерыку Жакоту Жуніёр, які быў асабістым сакратаром Сены і жыў у яго доме, у сусветнай прэсе папаўзлі чуткі пра гомасексуальнасць знакамітага гоншчыка. Пачалося ўсё з некалькіх выказванняў Нельсана Піке, апублікаваных у бразільскай прэсе. Як самы тытулаваны на той момант «прынц» «каралеўства аўтагонак», Нельсан адчуваў рэўнасць да шалёнай папулярнасці Сены ў Бразіліі (у 1987 годзе Піке выйграў трэці чэмпіёнскі тытул, а лепшым спартсменам Бразіліі быў названы 27-гадовы Айртан).
Аднойчы, размаўляючы з аглядальнікам «Jornal do Brazil», Нельсан параіў запытацца ў Сены, чаму той так холадна ставіцца да жанчын. «Сексуальныя перавагі — гэта яго праблемы, — дадаў Піке ўжо ў гутарцы з рэпарцёрам часопіса «Mansheti». — Але тое, што вы бачылі ў Імоле, гэтыя дзяўчынкі, якія цягнуцца да яго, спрабуюць яго схапіць, пацалаваць — усё гэта загадзя падрыхтаваная інсцэніроўка». Затым Піке падзяліўся сваімі падазрэннямі яшчэ з некалькімі выданнямі, ужо за межамі Бразіліі. У рэшце рэшт, справа дайшла да суда, выліўся грандыёзны скандал, і Піке вымушаны быў узяць свае словы назад.
Хоць вонкава Сена застаўся спакойны, гэтая гісторыя папсавала гоншчыку нямала крыві, і Айртан адпомсціў крыўдзіцелю ў яго ж манеры. У 1990 годзе ў сваім інтэрв'ю для «Playboy» Айртан расквітаецца з Нельсанам: «Гэтую кампанію развязалі, каб пакончыць са мной. Яны не змаглі перасягнуць мяне на трасе і цяпер лезуць у маё асабістае жыццё». Далей па прычынах, вядомым ім абодвум, Сена параіў Піке прытрымаць язык. «Я ведаў Катарыну, — заявіў Сена, кажучы пра жонку Нельсана бельгійку Катарыну Валянцін. І ведаў яе як жанчыну…»
Але каб канчаткова аднавіць сваю рэпутацыю, Сену быў патрэбны гучны раман. Марыя ды Граса Менегэл (мянушку Шуша, якая стала пазней эстрадным псеўданімам Марыі, яшчэ ў дзяцінстве прыдумаў для яе брат) была на тры гады маладзейшая за Сену. Яна была сёмым дзіцём у сям'і з маленькага гарадка Санта Роза , што непадалёку ад Бразіліа. Ужо ў 16 гадоў яна заключыла кантракт з мадэльным агенцтвам «Ford MA» ў Нью-Ёрку. У снежні 1982 года Шуша распранулася для здымак у бразільскім выданні часопіса «Playboy», а праз год дэбютавала ў кіно і на тэлебачанні. Да 1988 г. Шуша, у якой было ўжо ўласнае шоў на тэлебачанні, стала адной з найбольш вядомых прыгажунь Паўднёвай Амерыкі. Іх раман атрымаў агалоску пасля таго, як у канцы 1988 года Сена паслаў па Шушу асабісты самалёт.
Пазней пра іх сувязь гаварылі як пра хітры маркетынгавы ход, які прынёс абодвум па некалькі мільёнаў долараў. Шуша была адной з нямногіх жанчын Сены, пра якую Айртан часта казаў у сваіх інтэрв'ю. Пазней, ужо пасля разрыву, Сена прызнаўся, што падумваў нават ажаніцца з чароўнай бландзінкай і завесці дзяцей. Айртан заўсёды старанна пазбягаў гаворкі пра сямейнае шчасце, таму гэта заява была вартая многага. Магчыма, гэта звязана з няўдалым досведам першага шлюбу.[16]
Майстар кваліфікацый
[правіць | правіць зыходнік]Айртан Сена быў прызнаным майстрам кваліфікацый свайго часу. За сваю кар’еру ў Формуле-1 ён 65 разоў займаў у іх першыя месцы, што на той момант было рэкордам. Гэты рэкорд трымаўся і пасля смерці Сены на працягу 12 гадоў і быў перасягнуты Міхаэлем Шумахерам толькі ў 2006 годзе на Гран-пры Сан-Марына , прычым Шумахеру спатрэбілася для гэтага правесці 236 Гран-пры, тады як Сена за ўсю сваю кар’еру ў Формуле-1 прыняў удзел толькі ў 162[b]. Варта, аднак, заўважыць, што насуперак шырока распаўсюджанай памылцы, і па гэтым паказчыку Айртан не на першым месцы ў Формуле-1. Як мінімум трое пілотаў у гісторыі маюць адносныя вынікі (суадносіны поул і колькасці праведзеных гонак) лепш, чым у Сены. Так, Хуан Мануэль Фанхія правёў 52 Гран-пры і выйграваў першае месца на старце 29 разоў (55,8 %). Джым Кларк у 73-х праведзеных Гран-пры 33 разы займаў першую пазіцыю на старце (45,2 %). Альберта Аскары правёў 33 Гран-пры і пры гэтым 14 разоў стартаваў з поул-пазішн (42,4 %). У Сены гэты паказчык складае толькі 40,1 %. Адной з найбольш паказальных стала кваліфікацыя Гран-пры Манака ў 1988 годзе. Сена, ужо заваяваўшы першае месца на старце (усе астатнія гоншчыкі, якія маглі б апярэдзіць яго, ужо праехалі належную колькасць колаў), працягваў ехаць, паляпшаючы і паляпшаючы час на крузе, і, урэшце, больш чым на дзве секунды апярэдзіў усіх, уключаючы Алена Проста, які выступаў на такой жа машыне. Сена распавядаў:
Як быццам бы я апынуўся ў тунэлі — не толькі ў тунэлі пад гатэлем, а ўся траса была для мяне тунэлем. Я быў ужо далёка за вядомымі межамі, але на кожным крузе мог знайсці магчымасць ісці яшчэ хутчэй. Потым мяне нібы нешта ўдарыла, я прачнуўся і зразумеў, што знаходжуся зусім не ў той атмасферы, у якой звычайна знаходзіцца чалавек. Я павольна даехаў да боксаў і больш нікуды не хадзіў у той дзень. Гэта спалохала мяне, таму што было за мяжой разумення».[17] |
Гонка пасля гэтай кваліфікацыі таксама атрымалася не зусім звычайнай. Сена адразу захапіў лідарства і стаў адрывацца, не даўшы астатнім практычна ніякіх шанцаў. Але за 11 кругоў да фінішу, калі Сена апярэджваў Проста, які ішоў другім, больш чым на 50 секунд, яго машына ўрэзалася ў рэйкі бяспекі ў павароце «Парцье». Ніякіх бачных прычын для гэтага не было: машына была ў парадку, а нікога з іншых гоншчыкаў не было паблізу. Сена не атрымаў пашкоджанняў і, пакінуўшы машыну, не стаў нават ісці ў боксы, а пайшоў дадому (ён жыў у Манака, таму яго дом быў непадалёк ад месца аварыі). Пасля заканчэння гонкі на працягу некалькіх гадзін ніхто не мог яго знайсці, падняўся перапалох. Потым Сена тлумачыў рэпарцёрам:
Я паглядзеў рэшту гонкі па тэлевізары, прыняў душ і лёг спаць, паколькі гонка была цяжкай і я вельмі стаміўся. Я не разумею, чаму ўсе так расхваляваліся. |
Чалавек дажджу
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца[18], што ў Формуле-1 гонкі ў дажджавых умовах выраўноўваюць шанцы ўдзельнікаў: хуткасці значна памяншаюцца, таму перавага больш магутнага рухавіка або лепшай аэрадынамікі нівелюецца. Аднак Айртан Сена менавіта ў гэтых умовах не раз дэманстраваў вялікую перавагу над іншымі гоншчыкамі. За шматлікія прыклады высокіх дасягненняў у дажджавых гонках спартыўныя журналісты і балельшчыкі далі Сену мянушку «Чалавек дажджу».
У сезоне 1984 года, калі Сена прыйшоў у Формулу-1, першай дажджавой гонкай быў Гран-пры Манака — гонка, якая лічыцца цяжкай нават пры добрым надвор'і, паколькі яна праходзіць па вуліцах горада. Сена, меўшы далёка не самую лепшую машыну (Toleman TG184 ), стартаваў з 13-га месца. Калі гонка была спыненая пасля 31 круга (залева стала настолькі моцнай, што працягваць гонку было небяспечна), Сена быў на другім месцы, хутка даганяючы Алена Проста, які ішоў першым. Гэта было вельмі незвычайным для Манака, дзе абгоны моцна ўскладненыя і нават пры гонцы на сухой трасе нярэдка не адбываецца ніводнага абгону.
Сваю першую перамогу на трасе ў Эштарыле ў 1985 годзе Сена атрымаў таксама ва ўмовах моцнага дажджу, калі нават Ален Прост, які ішоў другім, не зладзіў з кіраваннем: яго разгарнула і кінула на сцяну. Другая гонка, у якой Сена атрымаў перамогу ў 1985 годзе — Гран-пры Бельгіі — таксама праходзіла ў дождж. Пасля Сена правёў нямала цікавых дажджавых гонак, якія запомніліся і экспертам, і балельшчыкам.
Адной з самых яскравых дажджавых гонак Сены стаў Гран-пры Еўропы 1993 года, які праходзіў на трасе ў Донінгтан-парку . Сена на «Макларэне» заняў у кваліфікацыі 4 месца, прапусціўшы наперад Алена Проста і Дэймана Хіла на «Вільямс» і Міхаэля Шумахера на «Бенетоне». У той момант лічылася, што балід «Вільямс FW15С », на якім выступалі Прост і Хіл, моцна пераўзыходзіць «Макларэн MP4/8 », на якім выступаў Сена, і шанцаў на перамогу ў гонцы ў «Макларэна» няшмат. Пэўныя эксперты лічаць, што «Вільямс FW15С» быў тэхнічна найбольш дасканалым балідам з тых, што хоць калі выступалі ў Формуле-1[19]. Але гонка пачалася пры моцным дажджы, што зблытала ўсе прагнозы. Адразу пасля старта Хіл выціснуў Шумахера на вонкавы бок, а той, у сваю чаргу, выціснуў Сену, якому не было куды падзецца. У гэты момант Вендлінгер , які стартаваў пятым, змог абыйсці па ўнутранай траекторыі і Сену, і Шумахера, пакінуўшы іх пятым і чацвёртым адпаведна. Аднак Сена спачатку перамясціўся на ўнутраны бок траекторыі і змог абыйсці Шумахера, а затым у хуткасным левым павароце нечакана заняў вонкавы бок, дзе больш нікога не было. Гэта рашэнне здавалася цалкам памылковым, але Сена ехаў па вонкавым баку настолькі хутка, што лёгка абагнаў Вендлінгера і паспеў заняць патрэбную пазіцыю перад наступным правым паваротам. Хутчэй за ўсё, счапленне з трасай на вонкавым баку было нашмат лепш, чым на ўнутраным, і Сена апынуўся адзіным гоншчыкам, хто змог прадбачыць гэта. Затым, праходзячы павароты значна хутчэй за «Вільямсы», ён абагнаў спачатку Хіла, а затым Проста, таму да канца першага круга ўжо быў на першым месцы. Многія эксперты пасля гонкі казалі, што гэта быў лепшы першы круг гонкі, які яны калі-небудзь бачылі. У далейшым дождж то спыняўся, то пачынаўся зноў, гоншчыкі пастаянна мянялі гуму, пры гэтым Сена некалькі разоў на працягу гонкі зацягваў змену гумы, працягваючы ехаць па мокрай трасе на сліках. У выніку на фінішы гонкі ў адным крузе з Сенам, які перамог, быў толькі Хіл, які адстаў ад Сены на 80 секунд[20].
Лепшы круг у гонцы атрымаўся не зусім звычайным: Сена праехаў праз піт-лэйн , не спыняючыся, і зрабіў такім чынам лепшы круг: з-за асаблівасцей канфігурацыі трасы шлях праз піт-лэйн быў карацейшы, і, нягледзячы на тое, што бразілец быў у гэты момант на дажджавой гуме, круг атрымаўся хутчэйшым за кругі, пройдзеныя перад гэтым на сліках па нармальнай траекторыі. У гэты момант Сена не толькі лідзіраваў, але і абганяў усіх астатніх удзельнікаў на круг, і, праязджаючы праз піт-лэйн, памахаў сваім механікам, што дало каментатарам падставу думаць, што гэта быў піжонскі жэст з боку бразільца. Але пасля гонкі Сена патлумачыў, што гэта выйшла выпадкова: ён збіраўся памяняць дажджавую гуму на слік, але, ужо згарнуўшы на піт-лэйн, заўважыў, што дождж пачаў ісці зноў, і вырашыў працягнуць гонку на дажджавой гуме. Павітаць механікаў, паводле яго слоў, было ў гэтай сітуацыі цалкам натуральным, а аб лепшым крузе ён наогул не думаў[21]. Аднак FIA палічыла, што сітуацыя з такім лепшым кругам носіць абсурдны характар, і ўвяла абмежаванні хуткасці на піт-лэйн — 80 км/г, у далейшым яно было павялічана да 100 км/г на большасці трас.
Характар Сены
[правіць | правіць зыходнік]На трасе Сена быў звышмэтанакіраваным і заўсёды імкнуўся перамагчы, нярэдка пілатаваў машыну на мяжы магчымага. Многія лічылі яго стыль кіравання занадта небяспечным і казалі, што для яго перамога важней за жыццё. Калі аднойчы Сена прызнаўся, што верыць у Бога, Ален Прост сказаў, што Сена, найхутчэй, думае, што Бог дапамагае яму пілатаваць машыну, і таму паводзіць сябе на мяжы вар'яцтва. Марцін Брандл таксама казаў:
Несумненна, Сена — геній. Але гэта значыць, што жыццёвы баланс у ім моцна зрушаны ў адзін з бакоў. Ён так моцна развіў свае навыкі, што часта знаходзіцца за мяжою. Гэта небяспечны знак[22]. |
Сам Сена прызнаваў, што імкнецца ў кожнай гонцы дасягнуць межаў уласных магчымасцей, але казаў, што галоўнае для яго не перавага над іншымі, а пазнанне самога сябе.
Гэта вельмі зачаравальнае даследаванне», — казаў ён. — «Калі я імкнуся да перамогі, я заўсёды знаходжу ў сябе яшчэ крыху больш, зноў і зноў. Але ў гэтым ёсць супярэчнасць: калі ты становішся хуткі як ніколі, то адчуваеш сябе няўяўна далікатным і ўразлівым, таму што за долю секунды ўсё гэта можа знікнуць. І дзве гэтыя крайнасці, дапаўняючы адна адну, дапамагаюць спазнаць сябе, усё глыбей і глыбей.[22] |
З іншага боку, некаторыя лічылі, што дзеля перамогі ў гонцы Сена быў гатовы на многае, у тым ліку нават на непрыстойныя ўчынкі. У сувязі з гэтым асабліва часта згадвалася сутыкненне з Аленам Простам у канцы сезона 1990 года. Хадзілі чуткі, што перад гэтай гонкай Сена ў кулуарнай абстаноўцы боксаў сказаў, што калі Ален увойдзе першым у першы паварот, то ён там і застанецца — што і здарылася ў гонцы. Характэрна, што іншы вядомы гоншчык Формулы-1, Міхаэль Шумахер, пасля пастаянных эпізодаў уласных неспартыўных паводзін — на Гран-пры Еўропы ў 1997 годзе ў Херэсе (сутыкненне з галоўным праціўнікам Жакам Вільнёвам, пасля якога апошні, аднак, застаўся на трасе) — заяўляў у прэсе, што калі гэта рабіў Айртан Сена, то гэта была звычайная практыка, а калі так робіць ён сам, то ўсе лічаць гэта парушэннем прынцыпаў «сумленнай гульні».
Сена бываў запальчывы і здзяйсняў часам неабдуманыя ўчынкі ў дачыненні да гоншчыкаў, якія, як яму здавалася, некарэктна паводзілі сябе з ім у гонках. Так, напрыклад, у 1993 годзе, пасля таго як Эдзі Ірвайн абагнаў яго, каб выйсці з ліку адстаючых на круг, і пры гэтым перашкодзіў бразільцу, той задумаў высвятленне адносін з Ірвайнам, якое скончылася рукапрыкладствам[23].
У той жа час, калі справа не датычылася барацьбы на трасе, Сена не раз дапамагаў іншым гоншчыкам. У 1992 годзе на трасе Спа, дзе праходзіў Гран-пры Бельгіі, падчас суботняй кваліфікацыі Эрык Кама трапіў у цяжкую аварыю на прамой вяртання, дзе ўсе гоншчыкі ехалі на вельмі высокай хуткасці. Сена, убачыўшы гэта, спыніў сваю машыну, вылез з яе і з рызыкай для жыцця пабег да разбітай машыны Кама, паспеўшы адключыць на ёй электрасілкаванне да таго, як пачаўся пажар. У 1993 годзе на той жа трасе ў Спа, калі падчас свабодных заездаў Алесандра Дзанардзі на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў сцяну ў цяжкім павароце, Сена пакінуў сваю машыну, каб дапамагчы пацярпеламу пілоту.
Асабістыя адносіны з гоншчыкамі ў Сены складваліся па-рознаму. З некаторымі яны былі вельмі напружаныя: у прыватнасці, з Аленам Простам і Нельсанам Піке, справа даходзіла да вельмі вострых узаемных выказванняў у адрас адзін аднаго. Айртан амаль адкрыта сцвярджаў пра сваю блізкую сувязь з жонкай Нельсана[15] (пры гэтым людзі, якія ведалі іх абодвух, сцвярджалі, што гэта была няпраўда)[24]. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што вайну паміж Сенам і Піке пачаў Піке. Айртан быў маладзейшым і яшчэ нават ані разу не быў чэмпіёнам свету, але на радзіме, у Бразіліі, яго любілі больш і ў 1987 годзе назвалі найлепшым спартсменам сваёй краіны, і гэта нават нягледзячы на тое, што Піке ў тым жа годзе стаў ужо трохразовым чэмпіёнам свету ў Формуле-1. І Піке, вядомы сваім вострым і бязлітасным языком, стаў распаўсюджваць пра Сену чуткі, якія ганьбавалі яго.
У той жа час іншыя гоншчыкі — Рубенс Барыкела, Герхард Бергер — былі блізкімі сябрамі Сены.
Па-за межамі трасы Сена адрозніваўся мяккім характарам, быў гуманістам і рэлігійным чалавекам. Ён быў вельмі абаяльны, за што яго любілі і журналісты, і балельшчыкі ва ўсім свеце. Многія з тых, хто мелі зносіны з ім, казалі, што яго ўсмешка і голас аказвалі амаль гіпнатычнае дзеянне[22].
Сена ахвяраваў мільёны долараў на барацьбу з беднасцю ў Бразіліі і завяшчаў для той жа мэты ўвесь свой капітал (які на момант яго смерці ацэньваўся прыкладна ў 400 мільёнаў долараў). Пры жыцці Айртан не любіў казаць пра гэта публічна, і пра яго ахвяраванні стала вядома толькі пасля яго смерці.
Фрэнк Вільямс , у камандзе якога Сена правёў свой апошні сезон, казаў пра яго:
Айртан быў вельмі неардынарнай асобай. Насамрэч ён быў яшчэ больш вялікім чалавекам па-за гонкамі, чым у іх[22]. |
Дэйман Хіл, апошні напарнік Сены па камандзе, сказаў у адным са сваіх інтэрв'ю:
Ён быў высакародным чалавекам, але бязлітасным на трасе, напрыклад, у адносінах да Алена Проста. Але дакладна гэтак жа ён не шкадаваў сябе. Выключны чалавек. Ён уцямляў, наколькі вялікая яго слава, і, думаю, хацеў з яе дапамогай неяк палепшыць гэты свет. На жаль, завяршыць задуманае яму не ўдалося. Але яго ўплыў распаўсюджваўся не толькі на гонкі.[25] |
Пасля смерці
[правіць | правіць зыходнік]Незадоўга да смерці Айртан Сена стварыў дабрачынны фонд Ayrton Senna Foundation, мэтай якога была дапамога бедным маладым людзям у Бразіліі і ў іншых краінах. Пасля смерці Сены, па яго завяшчанні, у гэты фонд увайшоў увесь яго капітал. Таму і ў нашы дні імя Сены для мільёнаў людзей у свеце звязана з надзеямі на лепшае жыццё.
Для тых, хто ведаў Сену, ён застаецца прыкладам высокага прафесіяналізму, які спалучаўся з чалавечнасцю і харызмай. Многія з вядомых у Формуле-1 людзей, якія шмат чаго зрабілі для яе развіцця: Берні Эклстоўн[26], Рон Дэніс, Макс Мослі , Флавія Брыяторэ і іншыя — казалі ў сваіх інтэрв'ю, што лічаць менавіта Сену найлепшым гоншчыкам усіх часоў, і не толькі праз паказаныя ім вынікі ў гонках, але і праз той уплыў, які ён аказваў і працягвае аказваць. Цікава, што праз некалькі гадоў пасля смерці Сены Берні Эклстоўн сказаў, што пасля яшчэ некалькіх перамог Шумахера пра Сену, як і пра Проста і іншых гоншчыкаў, якія ўжо не выступаюць, хутка забудуцца[27], аднак пазней змяніў сваё меркаванне.
Заваяваўшы званне чэмпіёнаў свету па футболу ў 1994 годзе, бразільская зборная разгарнула на полі плакат і прысвяціла гэты тытул Айртану Сену[28].
У 2000 годзе ў Бразіліі было праведзена сацыялагічнае апытанне, у якім бразільскім грамадзянам прапанавалі назваць найлепшага бразільца за ўсю гісторыю краіны. Вынікі апытання паказалі, што найвялікшым з бразільцаў лічыцца Айртан Сена[29], нягледзячы на тое, што ў той час былі вядомыя нямала выдатных бразільцаў (напрыклад, Пеле).
Часопіс F1 Racing двойчы пасля смерці Сены, у 1997 і 2004 гадах, праводзіў апытанні экспертаў для вызначэння найлепшых гоншчыкаў за ўсю гісторыю Формулы-1. У апытаннях прынялі ўдзел 77 экспертаў, кожны з якіх павінен быў назваць 10 гоншчыкаў, якіх ён лічыць найлепшымі, затым вынікі складалі, і спіс са ста найлепшых гоншчыкаў публікаваўся ў часопісе. Па выніках абодвух апытанняў Сена займаў першыя месцы, апярэджваючы такіх вядомых гоншчыкаў, як Міхаэль Шумахер, Ален Прост, Хуан Мануэль Фанхія і Джым Кларк[30]. Пасля публікацыі вынікаў апытання 2004 года рэдакцыя часопіса атрымала мноства гнеўных лістоў ад прыхільнікаў Міхаэля Шумахера, які меў у той час шэсць чэмпіёнскіх тытулаў — аўтары лістоў лічылі, што першае месца можа належаць толькі Шумахеру. У адным з наступных нумароў часопіса былі апублікаваныя некалькі такіх лістоў і тлумачэнні, у якім адзначалася, што эксперты ацэньвалі не лік тытулаў, перамог ці ачкоў, а маштаб асобы гоншчыка[31].
У тым жа годзе на дзесяцігоддзе смерці Сены ў Бразіліі выйшла кніга Эрнэста Радрыгеса Ayrton, the Hero Revealed (у партугальскім варыянце Ayrton, o Herói Revelado), у якой апісваліся жыццё і кар'ера Сены, уключаючы невядомыя раней падрабязнасці.
21 красавіка 2004 года перад Гран-пры Сан-Марына на стадыёне ў Імоле быў праведзены футбольны матч, прысвечаны памяці Айртана Сены. У гэтым матчы прынялі ўдзел зборная Бразіліі, складзеная з гульцоў-пераможцаў чэмпіянату свету па футболу 1994 года, і каманда, складзеная з вядомых гоншчыкаў Формулы-1 (Міхаэль Шумахер, Фернанда Алонса, Рубенс Барыкела і іншыя). На матч было прададзена больш за 7000 квіткоў, усе прыбыткі пайшлі ў фонд Ayrton Senna Foundation[32].
Магіла Айртана Сены на могілках Марумбі стала месцам паломніцтва. Паводле дадзеных Р. Філіпа (2007 г.)[33], яна прыцягвае больш людзей, чым магілы Джона Ф. Кенэдзі, Мэрылін Манро і Элвіса Прэслі разам узятыя. Многія гоншчыкі наведваюць магілу Сены падчас правядзення Гран-пры Бразіліі[34][35].
Імем Сены названыя мноства вуліц у розных гарадах Бразіліі, шашы ў правінцыі Сан-Паўлу, а таксама два бразільскіх аўтадромы (блізу гарадоў Каруару і Ландрына), на якіх праходзяць этапы бразільскіх і паўднёваамерыканскіх гоначных чэмпіянатаў. Першая шыкана на аўтадроме Інтэрлагас , дзе звычайна праходзіць адзін з этапаў чэмпіянату Формулы-1, таксама носіць імя Сены («S» do Senna). Таксама яго імем названа мноства паваротаў і на іншых аўтадромах. Так, у Аўстраліі на аўтадроме Мельбурн-парк імем Сены названы адзін з апошніх паваротаў. А ў Канадзе яго імем названая першая шыкана.
Праз некаторы час паварот «Тамбурэла» згладзілі і знеслі бетонную сцяну, стварыўшы там глыбокую жвіровую пастку. У 1996 годзе там быў усталяваны помнік Айртану Сену: на высокім подыуме ён сядзіць, звесіўшы ногі, у камбінезоне пілота і глядзіць пагардліва на трасу, якая стала для яго апошняй.
У маі 2009 года Working Title Films пачала здымкі дакументальнага фільма пра Айртана Сену[36]. У кастрычніку 2010 года фільм «Сена » рэжысёра Азіфа Кападыі выйшаў на экраны, а 5 ліпеня 2011-га г. з'явілася выданне на DVD.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Да 1990 года ўключна не ўсе ачкі ішлі ў залік пілота, а толькі лепшыя вынікі пэўнай колькасці гран-пры.
- ↑ Нягледзячы на тое, што фармальна Сена ўдзельнічаў у 162 Гран-пры (гэтая лічба ўлічваецца статыстыкай), рэальна ён выходзіў на старт толькі ў 161 гонцы. У 1984 годзе падчас правядзення 4-га этапу Гран-пры Сан-Марына ў Імоле Сена не прайшоў кваліфікацыю і не змог прыняць удзел у гонцы. Як пісаў у 1984 г. аглядальнік часопіса AUTOCAR weekly magazine Пітэр Віндзар , пілот стаў ахвярай фінансавых непаразуменняў паміж Pirelli і Toleman, якія прывялі да адмовы каманды ўдзельнічаць у пятнічнай кваліфікацыі. Палітыка Toleman дала пралік: на суботняй кваліфікацыі балід Сены сышоў праз адмову паліўнай помпы; калі б, наракае журналіст, бразільцу ўдалося выехаць на кальцо ў пятніцу, гэтыя праблемы маглі быць выяўленыя.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://web.archive.org/web/20210121182854/https://acervo.estadao.com.br/noticias/acervo,era-uma-vez-em-sp-maternidade-sao-paulo,11001,0.htm
- ↑ https://www.liberoquotidiano.it/news/sfoglio/11599274/Ayrton-Senna--il-racconto-della.html Праверана 17 студзеня 2021.
- ↑ http://www.theguardian.com/sport/2004/apr/22/formulaone.comment
- ↑ http://www.theguardian.com/football/2004/apr/25/sport.comment5
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #119032058 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 5 мая 2024.
- ↑ а б http://www.f1news.ru/Champions/Senna/ Архівавана 14 студзеня 2014. Айртон Сенна. Жизнь до "Формулы-1" (руск.)
- ↑ а б Тридцать лет одиночества // АвтоМотоСпорт : часопіс. — 1994. — № 4. (руск.)
- ↑ 25.03.1984 | Debiut Ayrtona Senny (польск.). autocentrum.pl (25 сакавіка 2020). Праверана 25 сакавіка 2020.
- ↑ Айртон Сенна : Биографии чемпионов : Частный сайт о больших гонках : Формула-1
- ↑ McLaren Formula 1 - Heritage(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2007. Праверана 23 красавіка 2013.
- ↑ Валерий Карташев.. Памяти Айртона Сенны: Последняя гонка... . F1News.Ru (1 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2014. Праверана 17 верасня 2012.
- ↑ Ayrton Senna : The Senna Files: Ayrton Senna trial news etc : NewSfile #2(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2007. Праверана 22 сакавіка 2014.
- ↑ Formula One Motor Racing FAQ (modified 3/14/97), Part 2/2
- ↑ Christopher Hilton. Ayrton Senna: As Time Goes By, стр. 39 — 44
- ↑ а б Сайт журнала Формула
- ↑ Три любви и одна страсть Айртона Сенны // Формула 1 : часопіс. — 2000. — № 3 (№20). (руск.)
- ↑ Christopher Hilton. Ayrton Senna: As Time Goes By, стар. 243
- ↑ М. Г. Горбачёв. Как правильно управлять автомобилем. О мастерстве пилотирования и секретах активного стиля вождения. — М.: РИПОЛ классик, 2008. — Стр. 95-101.
- ↑ BBC SPORT | Motorsport | Formula One | The changing face of F1
- ↑ Анализ гонки и видеозапись первого круга(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2009. Праверана 22 сакавіка 2014.
- ↑ Інтэрв’ю Сены тэлеканалу ITV пасля Гран-пры Еўропы 1993 года.
- ↑ а б в г Официальный сайт Формулы-1
- ↑ Формула 1. Все об автомобилях, статьи, фотографии, атлас дорог
- ↑ Christopher Hilton. Ayrton Senna: As Time Goes By, стр. 189
- ↑ Дэймон Хилл: «Формула 1 — рискованный бизнес…»
- ↑ http://www.f-1.ru/obzor/2001/264.html Архівавана 27 верасня 2007.
- ↑ Испытание на разрыв (часть третья) | AYRTON SENNA :: Российский сайт об АЙРТОНЕ СЕННЕ Архівавана 2 кастрычніка 2020.
- ↑ FIFA World Cup™ Star 1994: Romario (англ.). — Romario and his team-mates suddenly unfurled a second cloth banner alongside their national flag. On it was written, “Senna, we put the foot down together. The fourth title is ours.”. Праверана 8 жніўня 2010.
- ↑ Часопіс F1 Racing. 2004, № 5
- ↑ Часопіс F1 Racing. 1997, №9 і 2004, №6.
- ↑ Часопіс F1 Racing. 2004, №8.
- ↑ http://www.autosport.net/news/sennaimola
- ↑ Philip, Robert. Spirit of Ayrton Senna is Lewis Hamilton's spur(недаступная спасылка). Telegraph (17 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2011. Праверана 24 чэрвеня 2009.
- ↑ Автомотоспорт. Ру — Ваш персональный гид в мире автоспорта Архівавана 30 верасня 2007.
- ↑ Christopher Hilton. Ayrton Senna: As Time Goes By, стар. 290
- ↑ Начинаются съемки фильма об Айртоне Сенне
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Айртан Сена на Вікісховішчы |
- Ayrton Senna. A vida, a carreira e o legado do ídolo. (парт.)
- Ayrton Senna Instituto (парт.)
- Расійскі сайт пра Айртана Сену Архівавана 9 ліпеня 2007.
- Айртан Сена
- Ayrton Senna da Silva (англ.) Архівавана 20 жніўня 2007.
- Айртану Сену прысвячаецца… Архівавана 19 лістапада 2011.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
- Нарадзіліся 21 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1960 годзе
- Нарадзіліся ў Сан-Паўлу
- Памерлі 1 мая
- Памерлі ў 1994 годзе
- Памерлі ў Балонні
- Памерлі ў правінцыі Балоння
- Асобы
- Спартсмены паводле алфавіта
- Аўтагоншчыкі паводле алфавіта
- Пілоты Формулы-1 паводле алфавіта
- Нарадзіліся 21 красавіка
- Чэмпіёны Формулы-1
- Аўтагоншчыкі Бразіліі
- Пераможцы Гран-пры Формулы-1
- Пілоты Формулы-1 з Бразіліі
- Пілоты Формулы-1, якія выступалі на Toleman
- Пілоты Формулы-1, якія выступалі на Lotus
- Пілоты Формулы-1, якія выступалі на McLaren
- Пілоты Формулы-1, якія выступалі на Williams
- Гоншчыкі, якія загінулі падчас заездаў
- Асобы на манетах