[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Lockheed F-117 Nighthawk

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
F-117 Nighthawk

Павозка (экіпаж), чал.: 1
Краіна-вытворца: ЗША
Гісторыя:
Гісторыя вытворчасьці:
Першы палёт: 18 чэрвеня 1981 г.
Вытворца: Lockheed Martin
Памеры:
даўжыня, м: 20,08
Размах крылаў, м: 13,2
Вышыня, м: 3,78
Плошча крылаў, м²: 73
Маса:
Пусты, кг: 13 380
Нармалёвая, кг: 21 150
Максымальная, кг: 23 815
Рухавікі:
Рухавікі: 2 × General Electric F404-F1D2 (турбарэактыўны двухконтурны)
Цяга, кгс: 2 × 4850 кгс
Характарыстыкі:
Макс. хуткасьць, км/г: 993 км/г (0,91 М)
Баявы радыюс, км: 860 км
Далёкасьць палёту, км: 1720 км
Практычная столь, м: 13 700 м
Узбраеньне:

Lockheed F-117 Nighthawk («Начны ястраб») — амэрыканскі аднамесны рэактыўны тактычны малапрыкметны ўдарны самалёт кампаніі «Lockheed Martin». Асноўнае прызначэньне — скрытнае пранікненьне праз сыстэму СПА ворага і атака стратэгічных аб’ектаў. Самалёт стаў першым сэрыйным узорам на якім пасьпяхова была выкарыстаны стэлс-тэхналёгіі.

Першы палёт адбыўся 18 чэрвеня 1981 году. За час эксплюатацыі было выраблена 64 адзінкі. У сярэдзіне 2008 году самалёты гэтага тыпу былі зьнятыя з узбраеньня.

У папулярнай культуры (кіно, кампутарныя гульні і інш.) склаўся стэрэатып на аснове выявы «зьнішчальніка Стэлс» (Stealth Fighter), але F-117 зьяўляецца тактычным ударным самалётам (бамбавіком/штурмавіком) і ніколі не прызначаўся для выкананьня зьнішчальных задачаў. Аналягічная сытуацыя мела месца з тактычным/стратэгічным бамбавіком F-111, якія таксама насіў «зьнішчальнае» пазначэньне (індэкс F у пазначэньні).

Гісторыя стварэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пазначэньне і назва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва F-117 у ВПС ЗША — «Найт Хок» (Night Hawk — ангел. Начны Каршак), хоць сустракаецца і злучанае напісаньне «Nighthawk». Паводле сыстэмы пазначэньняў авіятэхнікі ва ўзброеных сілах ЗША, літара F прысвойваецца зьнішчальнікам. Чыньнік таго, чаму «Nighthawk» быў клясыфікаваны як зьнішчальнік і складаўся на ўзбраеньні зьнішчальных эскадрыльляў, застаецца невядомым.

Праекцыі F-117

Канструкцыя самалёта зроблена з улікам стэлс-тэхналёгіі. Сам самалёт пабудаваны па аэрадынамічнай схеме «лятучае крыло» з V-вобразным апярэньнем. Зусім не характэрнае для дагукавых самалётаў крыло вялікай стралавіднасьці (67,5°) з вострым пярэднім беражком, акрэсьлены прамымі лініямі профіль крыла, кантаваны фюзеляж, утвораны плоскімі трапэцыяльнымі і трохкутнымі панэлямі разьмешчаны такім чынам, каб адлюстроўваць электрамагнітныя хвалі ў бок ад РЛС суперніка. Такая форма самалёта, пабудаванага па канцэпцыі «плоскасцяў-адбівальнікаў», атрымала назву «фасеткавай» (ад франц. facette — грань).

Разьмешчаныя над крылом абапал фюзеляжа плоскія паветразаборнікі маюць падоўжныя перагародкі з радыёпаглынальных матэрыялаў. Частка струменя халоднага паветра адлучаецца на ўваходзе ў паветразаборнікі і, абыходзячы рухавікі, трапляе ў экрануемыя крылом плоскія соплы, якія маюць памеры 165 х 25 см, ніжнія панэлі якіх пакрыты цеплапаглынальнымі керамічнымі пліткамі, што значна зьмяншае ІЧ-прыкметнасьць самалёта.

Насавая частка F-117

Контуры шчылін, якія ўтвараюцца ў месцах злучэньня ліхтара кабіны зь фюзеляжам, створкі адсекаў шасі і ўзбраеньня маюць пілападобную форму, што таксама забясьпечвае эфэктыўнае расьсейваньне электрамагнітнай энэргіі і прадухіляе яе прамое адлюстраваньне ў кірунку прыёмаперадаючай антэны РЛС суперніка.

У канструкцыі самалёта шырока ўжыты палімэрныя кампазыцыйныя матэрыялы і радыёпаглынальныя матэрыялы і пакрыцьці. У канструкцыі плянэра на мэталічныя сплавы даводзіцца толькі 10 адсоткаў масы. У выніку гэтых мер, эфэктыўная паверхня расьсейваньня самалёта пры апрамяненьні яго лакатарам сьпераду была зьніжана, па некаторых дадзеных, да 0,025 м², што ў некалькі дзясяткаў разоў менш, чым ЭПР звычайных самалётаў падобных памераў.

Кантаваная форма фюзеляжа і незвычайны профіль крыла значна пагаршаюць аэрадынамічныя характарыстыкі самалёта. Падчас праектаваньня быў дасягнуты кампраміс, пры якім патрабаваньні малой радыёлакацыйнай прыкметнасьці ўзялі верх над патрабаваньнямі аэрадынамікі — аэрадынамічная якасьць самалёта роўна 4 (гэта трохі лепш, чым у арбітальных Спейс шатлаў), у выніку гэта адбілася на немагчымасьці палётаў на звышгукавой хуткасьці, абмяжоўваньні радыюса дзеяньня, памяншэньні баявой нагрузкі і манэўранасьці.

Сістэма кіраваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дазапраўка F-117 у палёце

Самалёт кіруецца пры дапамозе ЭДСК з чатырохкратным рэзэрваваньнем каналаў кіраваньня. Паколькі F-117 нестабільны па тангажу і гойсаньню (у першую чаргу з-за ня вельмі добрай аэрадынамічнай формы), выкарыстоўваецца аўтаматычная сыстэма забесьпячэньня ўстойлівасьці. З 1991 году ў дадатак да яе ўсталёўваўся аўтамат цягі.

Радыёлякацыя і навігацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На самалёце не ўсталявана РЛС. За выключэньнем лазэра падсьвятленьня мэты, усе сыстэмы прыцэльваньня і навігацыі пасіўныя. Для навядзеньня выкарыстоўваецца сыстэма ІЧ-камэр, для навігацыі — інэрцыяльная сыстэма і прымач сыстэмы спадарожнікавай навігацыі. Актыўных сыстэм РЭБ няма.

Скідваньне з F-117 бомбы GBU-27

Самалёт ня мае вонкавых падвесак, усё ўзбраеньне зьмесцавана ў адсеку ўзбраеньня ўсярэдзіне фюзеляжа. Адсек узбраеньня — двухсэкцыйны, даўжынёй 4,7 м і шырынёй 1,75 м, з сыстэмай высоўваючыхся бэлечных трымальнікаў. Тыпавое ўзбраеньне — дзьве кіраваныя авіяцыйныя бомбы GBU-10 ці GBU-27 калібрам 907 кг. Магчымая ўсталёўка ракет AGM-88 HARM, AGM-65 Maverick, атамных бомбаў B-61 ці B-83 (па дзьве), бомбы GBU-15 ці кантэйнэра BLU-9 для суббоепрыпасаў. На бэльку магчымая ўсталёўка рэйкавых накіравальных для AIM-9 «Sidewinder».

Факт існаваньня самалёта F-117 упершыню быў афіцыйна прызнаны 10 лістапада 1988 году, калі Пэнтагон выпусьціў прэс-рэліз з апісаньнем гісторыі стварэньня самалёта і апублікаваў адну рэтушаваную фатаграфію. Першы публічны паказ дзьвюх F-117 адбыўся 21 красавіка 1990 году. У 1991 годзе пасьля вайны ў Пэрсыдзкім заліве Nighthawk быў прадэманстраваны на Парыскім авіясалёне.

Спачатку ўсе F-117 знаходзіліся на ўзбраеньні 4450-й тактычнай групы (авіябаза Тонапа, Нэвада). У 1989 годзе група ўвайшла ў склад 37-га тактычнага зьнішчальнага крыла. У 1992 годзе ўсе самалёты былі пераведзены на авіябазу Холомэн ва ў 49-е зьнішчальнае крыло. Яны складаліся на ўзбраеньні трох эскадрыльляў: двух баявых (8-я зьнішчальная «Чорная авечка», 9-я зьнішчальная «Лятучыя рыцары») і адной навучальнай (7-я эскадрыльля баявой падрыхтоўкі «Крыклівыя дэманы»).

У пачатку 1990-х гадоў, Lockheed прапанаваў мадэрнізаваны варыянт — F-117 Seahawk, палепшаная вэрсія F-117 для выкарыстаньня на флёце як альтэрнатыву адмененай праграме A/F-X.

Новы самалёт адрозьніваўся б ад наземнага F-117 меншай стрэлаватасьцю крылаў і новай формай хваста. N-мадыфікацыя павінна была таксама быць з новымі рухавікамі General Electric F414 turbofans замест старых General Electric F404s.

У спробах падняць зацікаўленасьць, Lockheed прапанаваў наземны варыянт F-117N. Гэты варыянт (названы F-117B) быў прапанаваны ВПС ЗША і ВВС Вялікабрытаніі, але ніводзін F-117N ці F-117B ня быў заказаны, і гэтыя мадыфікацыі так і засталіся толькі праектамі.

Аварыі і катастрофы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За ўсю гісторыю эксплюатацыі самалётаў F-117, па афіцыйных зьвестак, было страчана 7 машын, у тым ліку адзін F-117 быў зьбіты падчас баявых дзеяньняў. Nighthawk наляталі ў агульнай складанасьці каля 220 000 гадзін, гэта значыць налёт на адну страту склаў каля 31 000 гадзін[1].

  • 20 красавіка 1982 — F-117A (сэр. нумар 80-0785), падпалкоўнік Боб Райдэнаўэр (па-ангельску: Bob Ridenhauer) «Бандыт 102». Самалёт разьбіўся на ўзьлёце з-за няправільна наладжанай на заводзе сыстэмы кіраваньня палётам. Пілёт не пасьпеў катапультавацца, атрымаў цяжкія траўмы.
  • 11 ліпеня 1986 — F-117A (сэр. нумар 81-0792), маёр Рос Малхэйр (па-ангельску: Ross Mulhare) «Бандыт 198». Самалёт сутыкнуўся зь зямлёй у раёне Бэйкерсьфілд, Каліфорнія, падчас начнога палёту. Папярэдні чыньнік — дэзарыентацыя пілёта, які меў малы налёт на F-117. Маёр Малхэйр загінуў.
  • 14 кастрычніка 1987 — F-117A (сэр. нумар 83-0815), маёр Майкл Сьцюарт (па-ангельску: Michael Stewart) «Бандыт 231». Самалёт сапхнуўся зь зямлёй у раёне Танопы падчас начнога палёту з-за дэзарыентацыі пілёта, які меў малы налёт на F-117. Маёр Сьцюарт загінуў.
  • 4 жніўня 1992 — F-117A (сэр. нумар 85-0801), капітан Джон Мілз (па-ангельску: John Mills) «Бандыт 402». Самалёт загарэўся падчас начнога вылету поруч авіябазы Холамэн і падарваўся ў паветры. Чыньнік — памылка наземнага тэхнічнага пэрсаналу пры абслугоўваньні. Капітан Мілз пасьпеў катапультавацца.
  • 10 траўня 1995 — F-117A (сэр. нумар 85-0822), капітан Кэнэт Левэнз (па-ангельску: Kenneth Levens) «Бандыт 461». Самалёт сапхнуўся зь зямлёй у раёне Зуні, Нью-Мэксыка, падчас начнога палёту. Меркаваны чыньнік — дэзарыентацыя пілёта, які меў малы налёт на F-117. Капітан Левэнз загінуў.
  • 14 верасьня 1997 — F-117A (сэр. нумар 81-0793), маёр Браян Найт (па-ангельску: Bryan Knight) «Бандыт 437». Самалёт разбурыўся ў паветры і ўрэзаўся ў будынак падчас авіяцыйнага шоў у Чэсапік, Мэрылэнд. Здарэньне адбылося з-за тэхнічных праблем, якія прывялі да страты пілётам кіраваньня. На зямлі пацярпелі 4 чалавекі. Маёр Найт пасьпеў катапультавацца.

Баявое выкарыстаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • 27 сакавіка 1999 году — F-117A (сэр. нумар 82-0806), падпалкоўнік Дэйл Зэлко (Dale Zelko). Самалёт зьбіты ў раёне вёскі Буданоўцы падчас ваеннай апэрацыі НАТО супраць Югаславіі. Падпалкоўнік Зелко пасьпеў катапультавацца і быў эвакуяваны пошукава-выратавальнай групай. Паводле сэрбскай вэрсіі, F-117 быў зьбіты зэнітна-ракетным комплексам С-125 (ракета 5В27Д вытворчасьці заводу ім. XX партзьезда (цяпер АВІТЭК) 1976 году) 3-й батарэі 250-й брыгады СПА (камандзір батарэі — Золтан Даніны). Існавалі вэрсіі пра ўдзел ЗРК «Куб» ці зьнішчальнікаў МІГ-29 і МІГ-21. Па сьцьвярджэньні некаторых крыніц (у прыватнасьці, расейскага аўтара Ўладзімера Ільліна і аргентынскага Дыега Зампіні), F-117 быў зьбіты зінішчальнікам МІГ-29, які пілятаваўся падпалкоўнікам Гвозьдзенам Д’юкічэм. У той жа час сэрбская газэта «Палітыка» паведамляе, што «Гвозьдзен Дзюкіч» (Gvozden Dukic) — гэта баявы псэўданім, які выкарыстоўваўся Золтанам Даніны падчас вайны. Пілётам F-117 часам памылкова паказваецца капітан Кен Двілі, паколькі ён лётаў на гэтай машыне ў ЗША і на яе фюзеляжы было напісана яго імя.

Здыманьне з узбраеньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ВПС ЗША зьбіраліся эксплюатаваць F-117 прынамсі да 2018 году, аднак недахоп грошаў на закуп новых шматмэтавых зьнішчальнікаў F-22 прымусіла іх пачаць працэс здыманьня з узбраеньня значна раней.

Першыя дзесяць F-117 былі зьняты з узбраеньня ў сьнежні 2006 году. Да сакавіка 2008 году ВПС ЗША працягвалі эксплюатаваць 15 самалётаў гэтага тыпу[2]. Фармальна працэдура здыманьня з узбраеньня завяршылася 22 красавіка таго ж году, калі чатыры F-117 у апошні раз падняліся ў паветра, зьдзейсьніўшы пералёт на авіябазу Тонапа[3].

Недахопы самалёта

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • з-за пагоршанай аэрадынамікі F-117 быў дрэнна абаронены ад нападаў зьнішчальнікаў суперніка, калі б ім атрымалася яго выявіць.
  • закладзеныя ў канструкцыю ідэі маглі зьменшыць бачнасьць толькі да вызначанай мяжы, а таксама не забясьпечвалі вельмі нізкага ЭПР для радыёлякацыйных сыстэм, у якіх прымач і перадатчык былі разьнесены па розных кропках.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Lockheed F-117 Nighthawkсховішча мультымэдыйных матэрыялаў