[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

DeLorean DMC-12

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
DeLorean DMC-12
Агульныя даныя
Характарыстыкі
Дынамічныя
Разгон да 100 км/г: 10,5 с
На рынку

DeLorean DMC-12 — спартыўны аўтамабіль, які выпускаўся ў Паўночнай Ірландыі для амерыканскай аўтамабільнай кампаніі DeLorean Motor Company з 1981 па 1983 год.

Больш распаўсюджаным назвай стала DeLorean, бо гэта была адзіная мадэль, якая выпускалася кампаніяй. У DMC-12 былі выкарыстаныя дзверы тыпу «крыло чайкі». Першы доследны ўзор DeLorean Safety Vehicle (DSV) з’явіўся ў сакавіку 1977 года, а вытворчасць пачалася ў 1981 годзе (першы DMC-12 сышоў з канвеера 21 студзеня на фабрыцы DMC у Данмуры ў Паўночнай Ірландыі). На працягу яго вытворчасці некалькі дэталяў аўтамабіля былі змененыя (капот, колы і інтэр’ер). Да спынення вытворчасці ў 1983 годзе было выраблена каля дзевяці тысяч асобнікаў DMC-12, з якіх прыкладна восем тысяч захаваліся да нашых дзён.

Аўтамабіль стаў шырока вядомы сваім расчаравальным недахопам магутнасці і прадукцыйнасці, які не адпавядаў чаканням, звязаным з яго знешнім выглядам і коштам, але запомніўся сваім з’яўленнем у якасці машыны часу ў медыя-франшызе «Назад у будучыню» пасля 1985 года.

У 2008 годзе машыны вырабляліся пад заказ і аднаўляліся сіламі кампаніі DMC Texas[1].

Лагатып.

Тэхнічную дакументацыю для аўтамабіля па заказу Джона Дэлорэана ў сціслы тэрмін падрыхтавала Lotus Engineering. У распрацоўцы дызайну прымаў удзел Джарджэта Джуджара з Italdesign. У кастрычніку 1976 года першы доследны ўзор DeLorean DMC-12 быў скончаны Уільямам Т. Колінсам, галоўным інжынерам і праекціроўшчыкам Pontiac.

На машыну першапачаткова планавалі ўсталёўваць падвеску і дапрацаваны рухавік ад Chevrolet Corvette. Але з-за рознагалоссяў паміж GM і Дэлорэанам прыйшлося шукаць альтэрнатыву ў выглядзе новай распрацоўкі кампаній Peugeot, Renault і Volvo (PRV).

Для выпуску DMC-12 была пабудавана фабрыка ў ваколіцах Белфаста ў Паўночнай Ірландыі. Будаўніцтва пачалося ў кастрычніку 1978 года, і хоць вытворчасць DMC-12, як чакалася, павінна была пачацца ў 1979 годзе, яе адклалі да пачатку 1981 года. Да таго часу ўзровень беспрацоўя ў Паўночнай Ірландыі быў высокі, і мясцовыя жыхары былі рады новым працоўным месцам. Рабочыя былі неспрактыкаваныя і спатрэбілася нямала намаганняў для павышэння якасці аўтамабіляў. Прэміяльныя і забеспячэнне лепшым даступным абсталяваннем дазволілі да 1982 годзе ў некаторай ступені павысіць якасць прадукцыі.

Назапашаныя за час няякаснай зборкі даўгі і страчаны аўтарытэт вялі да банкруцтва. На аўтамабілі вытворца даваў гарантыю ў 5 гадоў або 80 тысяч км прабегу, аднак толькі кузаў, выкананы па перадавых на той час тэхналогіях, выконваў умовы гарантыі. Цана была несувымерна высокая для такой якасці. Усё гэта прыводзіла да нізкага продажу, склады былі перапоўненыя, і толькі энтузіясты куплялі гэтыя машыны, рыхтуючыся за свой кошт даводзіць іх да прымальнага стану.

У кастрычніку 1982 года Джон Дэлорэан быў арыштаваны ФБР па сфабрыкаванай справе аб продажы партыі какаіну. Пазней ён быў прызнаны невінаватым, але выратаваць DMC-12 ужо не атрымалася — банкі адмаўлялі Дэлорэану ў крэдытах, урад спыніў фінансаванне. На момант закрыцця фабрыкі ў Паўночнай Ірландыі каля 2000 штук DMC-12 заставаліся на складзе непрададзенымі, што складала каля 23 % ад агульнага накладу. Гэтыя машыны былі прададзеныя праз некалькі гадоў — пасля таго, як да DMC-12 прыйшла сусветная вядомасць.

У 2008 годзе фірма DMC Texas забяспечвала ўладальнікаў машын запчасткамі і аднаўляла старыя аўтамабілі. Была наладжана дробнасерыйная вытворчасць DMC-12, а меркаваная цана такіх рэплік склала парадку 90 000 долараў[2].

Дызайн аўтамабіля складаў нізкі, адпаліраваны да люстранога бляску клінаваты кузаў, размешчаны ззаду рухавік, дзверы тыпу «крылы чайкі», заднія колы большага дыяметра. Адметнай асаблівасцю машыны стаў рамны кузаў з кампазіта, абклеены звонку лістамі неафарбаванай нержавеючай сталі таўшчынёй 1 мм, з-за чаго DeLorean атрымаўся ўстойлівым да карозіі і набыў спецыфічнае адценне корпуса.

Рухавік — шасціцыліндравы рухавік цэнтральнага размяшчэння аб’ёмам 2849 см³ і магутнасцю 150 к. с. На машыну ўсталёўваліся як механічная пяціступеньчатая, так і аўтаматычная трохступеньчатая каробка перадач.

DMC-12 былі перш за ўсё нацэлены на амерыканскі рынак, таму машыны абсталёўваліся на заводзе левым рулём. Толькі некалькі праварульных асобнікаў DeLorean былі выпушчаныя для выкарыстання ў Вялікабрытаніі.

DeLorean у папулярнай культуры

[правіць | правіць зыходнік]
Аўтамабіль з фільма «Назад у будучыню».

DeLorean DMC-12 набыў шырокую вядомасць пасля выхаду фільма «Назад у будучыню», у якім аўтамабіль выступаў у ролі машыны часу[3]. Эмет Браўн, стваральнік машыны часу, на пытанне яго кампаньёна, Марці, чаму той зрабіў машыну часу з DeLorean, адказаў: «калі ты робіш машыну часу з аўтамабіля, то чаму б ёй не выглядаць стыльнай… нержавеючая сталь кузава дабратворна адбіваецца на завіхрэнні патоку часу». Пазней у машыне быў заменены ядзерны рэактар, які працуе на плутоніі, на экалагічна чыстую тэрмаядзерную ўстаноўку Mr. Fusion з будучыні, а таксама быў усталяваны палётны модуль, дзякуючы якому машына набыла магчымасць лётаць. Пасля заканчэння здымак у трылогіі «Назад у будучыню» першы з аўтамабіляў, пабудаваных у 1981 годзе спецыяльна для фільма, быў змешчаны ў музей Universal Studios Hollywood у Каліфорніі ў якасці турыстычнага атракцыёну[4]. Праз дваццаць пяць гадоў гэтая копія «машыны часу» была старанна адрэстаўраваная прыхільнікамі фільма і ўсталяваная для дэманстрацыі ў музеі Petersen Automotive Museum[4].

У 2018 годзе выйшла драма «Тачка на мільён» аб стварэнні брэнда DeLorean, аўтамабіля DMC-12 і лёсе Джона Дэлорэана[5].

У фантастычным фільме «Першаму гульцу прыгатавацца» (2018) гэты аўтамабіль быў заўважаны ў кароткім эпізодзе ў сцэне гонак, а яго выява размешчана на постарах кінакарціны[6].

DeLorean DMC-12 фігуруе ў ролі галоўнай мадэлі кароткаметражнага роліка пад назвай retrowave Фларыяна Рэнера[7].

  1. Anything But Rusty: Reviewing The DeLorean In 2009 (англ.). Motor Authority. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 8 красавіка 2017.
  2. Андрей Ежов. DeLorean запрограммировали на возвращение в 2017 году. За рулём (28 студзеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2016. Праверана 31 сакавіка 2016.
  3. Е. Костогоров. Интервью с российской владелицей автомобиля DeLorean DMC 12. Газета.Ru (20 чэрвеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2018. Праверана 20 мая 2019.
  4. а б 1981 DeLorean DMC-12 Time Machine (англ.). Petersen Automotive Museum. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2016. Праверана 31 снежня 2017.
  5. 'Driven': Film Review | Venice 2018. Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2019. Праверана 12 студзеня 2020.
  6. Первому игроку приготовиться (2018) | imdb. Архівавана з першакрыніцы 23 лістапада 2017. Праверана 12 студзеня 2020.
  7.  retrowave Фларыян Рэнер