[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Яя Джамэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яя Джамэ
англ.: Yahya Jammeh
2-і Прэзідэнт Гамбіі
29 верасня 1996 — 19 студзеня 2017
Папярэднік Дауда Джавара[d]
Пераемнік Адама Бэрау

Нараджэнне 25 мая 1965(1965-05-25)[1][2] (59 гадоў) ці 1965
Імя пры нараджэнні англ.: Yahya Abdul-Aziz Jemus Junkung Jammeh
Маці Asombi Bojang[d]
Жонка Zeineb Jammeh[d][3] і Tuti Faal[d][4]
Веравызнанне суніты
Партыя
Адукацыя
Званне палкоўнік
Узнагароды
National Order of the Lion of Senegal Order of Brilliant Jade Order of the Republic of The Gambia
Сайт statehouse.gm/president.…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яя (Яйя) Джамэ, поўнае імя Яя Абдул-Азіз Джамус Джункунг Джамэ (англ.: Yahya Abdul-Aziz Jemus Junkung Jammeh, нар. 25 мая 1965, Канілаі, Гамбія) — прэзідэнт Гамбіі з 18 кастрычніка 1996 па студзень 2017.

Нарадзіўся 25 мая 1965 года ў вёсцы Канілаі на паўднёвым-захадзе Гамбіі. Належыць да племені Ёла (Діёла) (Jola people).

У сем гадоў пайшоў у пачатковую школу ў роднай вёсцы (Кanilai Primary School), дзе вучыўся на працягу шасці гадоў. Пасля вучыўся ў пачатковай школе Св. Эдварда (Saint Edwards Primary School) у Бвіяме і ў сярэдняй школе Гамбіі (Gambia High School) у Банжуле. У 1983 годзе ў 18 гадоў атрымаў пасведчанне аб сярэдняй адукацыі (GCE 0 Level) з асабістай адзнакай па геаграфіі, англійскай мове, французскай мове, біялогіі і фізіцы.

Праходзіў ваенную падрыхтоўку ў ЗША, вучыўся ў Форт-Маклелане ў штаце Алабама, дзе атрымаў дыплом па ваеннай справе. У 1994 годзе камандуючы Узброенымі сіламі Часовага кіруючага савета лейтэнант Яя Джамэ стаў на чале паспяховага дзяржаўнага перавароту. Калі Яйя Джамэ прыйшоў да ўлады, яму было ўсяго 29 гадоў. Тады, а пасля яшчэ ў 2001 і 2006 гадах ён трапляў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы малады з дзеючых кіраўнікоў дзяржаў.

Стаўшы прэзідэнтам і хутка «прайшоўшы» шлях да палкоўніка, Джамэ ўвёў для сябе дадатковыя рэгаліі. Цалкам яго тытул гучаў наступным чынам: «Яго правасхадзіцельства прэзідэнт шэйх прафесар Аль-хаджы доктар Яйя Джамэ». Дарэчы, за прыхільнасць да квяцістых тытулаў яго неаднаразова параўноўвалі з іншымі экстравагантнымі афрыканскімі лідарамі, такімі, напрыклад, як кіраўнік Заіра (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) Мабуту Сесе Сека, а таксама «Уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, Заваёўнік Брытанскай імперыі» Ідзі Амін з Уганды[5].

У 2010 годзе нязменны прэзідэнт (усенародна абіраўся ў 1996, 2001 і 2006 гадах) выказаў жаданне стаць каралём Гамбіі, але, зрэшты, сам жа і адмовіўся ад гэтай ідэі. Замест каранацыі Джамэ зноў заняў пасаду прэзідэнта — у 2011.

На пасадзе прэзідэнта Джамэ, сярод іншага, праславіўся заявай, што знайшоў лекі ад СНІДу і астмы. Гэтыя цяжкія захворванні ён прапаноўваў лячыць адварамі з зёлак. У 2009 годзе яго адміністрацыя абвясціла кампанію па збавенні краіны ад ведзьмакоў, пасля таго як Джамэ абвясціў, што менавіта тыя вінаватыя ў смерці яго цёткі. Прэзідэнт Гамбіі сцвярджаў, што і сам валодае звышнатуральнымі здольнасцямі. Джамэ таксама вызначыўся барацьбой за дысцыпліну. «Моладзь, якая гуляе ў футбол у сезон дажджоў і адмаўляецца працаваць на краіну, будзе сядзець у турме», — заявіў лідар на сустрэчы з грамадзянамі ў 2003 годзе. Зрэшты, e 2013 годзе Джамэ прыняў рашэнне аб усталяванні чатырохдзённага працоўнага тыдня, прыплюсаваўшы да ўік-энду пятніцу.

3 кастрычніка 2013 года краіна выйшла з Садружнасці нацый з фармулёўкай «Гамбія ніколі не будзе членам неакаланіяльнай установы». У 2015 годзе Джамэ абвясціў Гамбію ісламскай рэспублікай. У тым жа годзе краіна адмовілася ад англійскай мовы і перайшла на арабскую.

На выбарах у снежні 2016 года Джамэ спачатку прызнаў паражэнне, аднак пасля адмовіўся перадаваць паўнамоцтвы абранаму новаму кіраўніку дзяржавы. Хоць Адама Бэроу атрымаў бясспрэчную перамогу: вядомага ў краіне бізнесмена падтрымалі 45,5% выбаршчыкаў, тады як дзеючы кіраўнік набраў толькі 36,7% галасоў.

Джамэ заявіў, што ніхто не можа пазбавіць яго перамогі, апроч Алаха, і ўвёў на 90 дзён ваеннае становішча ў краіне. Напярэдадні нацыянальная асамблея Гамбіі падоўжыла яго паўнамоцтвы. У Банжуле пачаліся акцыі пратэсту. Пасля гэтага ўлады Сенегала вырашылі ўвесці ў Гамбію войскі, каб «стабілізаваць напружаную сітуацыю ў краіне». Да іх падключыўся ваенны кантынгент Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў (ЭКОВАС), які задзейнічаў сухапутныя, паветраныя і марскія рэсурсы армій 15 краін. Дзеянні Сенегала падтрымалі ваенна-паветраныя сілы Нігерыі. У інтэрвенцыі ў Гамбію ў рамках аперацыі «Аднаўленне дэмакратыі» ўдзельнічалі каля 7 тысяч вайскоўцаў кааліцыі і тэхніка. Вайсковую аперацыю падтрымаў Дзярждэп ЗША, аналагічную пазіцыю занялі ў ААН.

Пад канец студзеня 2017 года Яйя Джамэ, які займаў пасаду прэзідэнта Гамбіі больш за 20 гадоў, заявіў аб тым, што ён адмаўляецца ад барацьбы за ўладу і саступае месца Адама Бэроу. Рашэнне было прынята пасля працяглых перамоў Джамэ з прэзідэнтамі Ліберыі, Гвінеі і Маўрытаніі, якія выступілі ў якасці пасрэднікаў для вырашэння палітычнага крызісу. Джамэ атрымаў прытулак у Экватарыяльнай Гвінеі.

Зноскі

  1. Yahya Jammeh // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Yahya Jammeh // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. https://allafrica.com/stories/200711210269.html
  4. https://web.archive.org/web/20200424140712/https://www.freedomnewspaper.com/2016/01/15/6586-2/
  5. zviazda.by
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Яя Джамэ