[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Паўлікяне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Паўлікяне (грэч. Παυλικιανοιί, ад імя апостала Паўла) — удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі.

Секта заснавана ў 1-й пал. VII ст. ў Заходняй Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэлігійна-філасофскую дактрыну паўлікянаў моцна паўплывалі маніхейства і маздаюзм. Для веравучэння паўлікянаў (канчаткова аформлена ў пач. ІХ ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне ІХ ст. паўлікяне пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на ўсходзе Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў іншыя раёны імперыі. У 872 візантыйскія войскі разбілі паўлікянаў каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія паўлікяне прымусова пераселены на Балканскі паўвостраў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.