Дуб балотны — стройнае дрэва вышынёй да 25 м і дыяметрам праекцыі кроны 10-15 м. Крона пірамідальная (у маладосці вузкапірамідальная, затым — шырокапірамідальная). Кара ствала зелянява-карычневая, доўга застаецца гладкай.
Лісце даўжынёй да 12 см, з пяццю-сям’ю глыбока выразанымі, амаль да сярэдзіны ліста, зубчастымі лопасцямі, зверху ярка-зялёныя, знізу святлей, з пучкамі валасінак ў кутках жылак. Восенню — ярка-пурпуровае.
Жалуды сядзячыя, амаль шарападобныя, у папярочніку да 1,5 см, прыкладна на траціну ахоплены плюскай.
У прыродзе дуб балотны расце на глыбокіх, вільготных глебах берагоў рэк і балот. Радзімай яго лічыцца Паўночная Амерыка, у асноўным ўсход ЗША — ад Канэктыкута да Канзаса. Паўночней від распаўсюджаны аж да канадскай правінцыі Антарыа.
У параўнанні з Quercus rubra дадзены від менш марозаўстойлівы, больш патрабавальны да глебы і яе вільготнасці. Добра пераносіць гарадскія ўмовы.