[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Лен

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лен (па-нямецку: Lehn ад ням. leihen — «займаць») — зямельнае ўладаньне (ленны маёнтак), якім фэадал (леньнік) валодаў на пэўных умовах. У Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай у XVI—XVIII стагодзьдзях ленныя маёнткі дараваліся каралём за заслугі на ваеннай службе, як правіла, да сьмерці трымальніка. Трыманьне такога маёнтку было зьвязана з шэрагам абмежаваньняў. Здаць ленны маёнтак у арэнду ці пакінуць яго можна было толькі са згоды манарха. Яго продаж забараняўся. Практыкаваўся звычай, што шляхціц, які слушна абвінавачваў уладальніка лену ў яго няправільным адчужэньні, меў права на атрыманьне гэтага маёнтку.

Зьяўляецца сынонімам фэоду. Першапачаткова тэрмін «лен» азначаў тое ж, што і «бэнэфіцыі», гэта значыць умоўныя ўладаньні на часовы тэрмін. З XII стагодзьдзя лен становіцца спадчынным уладаньнем буйнога фэадала больш дробнага, то бок прымае рысы фэоду. У хадзе ленных уладаньняў канчаткова склалася герархічная сыстэма фэадальнага землеўладаньня ў Заходняй Эўропе.

У сярэднявечнай Нямеччыне першапачаткова тое ж, што бэнэфіцыі, затым тое ж, што фэод. Часам ужываецца і ў дачыненьні да аналягічнага інстытуту іншых краінаў.