Гервяты
Ґервяты лац. Gierviaty / Hierviaty | |
Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы | |
Першыя згадкі: | 1271 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Астравецкі |
Сельсавет: | Ґервяцкі |
Вышыня: | 148 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 563 чал. (2014) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1591 |
Паштовы індэкс: | 231213[1] |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°41′33″ пн. ш. 26°8′28″ у. д. / 54.6925° пн. ш. 26.14111° у. д.Каардынаты: 54°41′33″ пн. ш. 26°8′28″ у. д. / 54.6925° пн. ш. 26.14111° у. д. |
± Ґервяты | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ґервя́ты[2] — вёска ў Беларусі, на рацэ Лошы. Цэнтар сельсавету Астравецкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2014 год — 563 чалавекі. Знаходзяцца за 24 км на паўночны ўсход ад Астраўца, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Солы; на аўтамабільнай дарозе Варняны — Жодзішкі.
Ґервяты — даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны. У 1990-я гады тут праводзіліся беларуска-летувіскія сустрэчы на высокім узроўні, навуковыя канфэрэнцыі гісторыкаў. Да нашага часу захаваўся збудаваны ў стылі нэаготыкі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, помнік архітэктуры пачатку XX стагодзьдзя, найвышэйшы касьцёл у Беларусі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Ґервяты мае балтыйскае паходжаньне ад асновы «gerve» — журавель[3]. Тым часам у «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага пачатковай формай назвы сьцьвярджаюцца Гермонты (Германты, пазьней Герванты) — ад легендарнага князя Гермонта, які заснаваў паселішча[4].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Gierwathi (1539 год)[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Гервяты датуецца 1434 годам. У 1536 годзе біскуп віленскі Ян заснаваў тут драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы.
Пад 1563 годам Гервяты ўпамінаюцца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Віленскага павету Віленскага ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гервяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце Віленскай губэрні. На 1796 год у мястэчку было 49 двароў. У XIX — пачатку XX стагодзьдзя Гервяты знаходзіліся ў валоданьні Дамейкаў. На 1885 год у мястэчку было 20 двароў. У 1899—1903 гадох тут збудавалі мураваны Касьцёл Сьвятой Тройцы ў нэагатычным стылі, адзін з найпрыгажэйшых у краі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Гервяты занялі войскі Нямецкай імпэрыі
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гервяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919—1920 гадох тут гаспадарылі польскае войска, бальшавікі. У 1920 годзе мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Гервяты ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Астравецкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 25 сьнежня 1962 да 6 студзеня 1965 году Гервяцкі сельсавет уваходзіў у склад Смаргонскага раёну. На 1970 год у вёсцы было 132 двары, на 1993 год — 200, на 1996 год — 201.
-
Праект касьцёла, 1899 г.
-
Праект касьцёла, 1900 г.
-
Званіца, 1900 г.
-
Школа, 1915 г.
-
Школа і касьцёл, 1916 г.
-
Касьцёл, да 1939 г.
-
Сядзіба Дамейкаў, 1939 г.
-
Касьцёл, 1941—44 гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1881 год — 131 чал.[6]; 1885 год — каля 150 чал.
- XX стагодзьдзе: 1970 год — 377 чал.; 1993 год — 445 чал.[7]; 1996 год — 586 чал.[8]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 494 чал.; 2014 год — 563 чал.[9]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Гервятах працуюць сярэдняя і няпоўная сярэдняя школы, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее культурна-асьветніцкі цэнтар. Праз Гервяты праходзіць турыстычны маршрут «Касьцёлы Вялейскага краю» (Ашмяны — Гудагай — Астравец — Варняны — Міхалішкі — Гервяты — Солы — Смаргонь)[10].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1903; помнік архітэктуры нэаготыкі, 61 м вышынёй, найвышэйшы касьцёл у Беларусі)
- Млын водны (XIX ст.)
- Могілкі вайсковыя часоў Першай сусьветнай вайны
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сядзіба Дамейкаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Белпошта
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 69.
- ^ Zbior dzieiopisow polskich. T. 2: Kronika Macieia Stryikowskiego. — Warszawa, 1766. S. 199.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 240.
- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 565.
- ^ Шаблюк В. Гервяты // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 518.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 173.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 9. Кн. 1. — Менск, 2015.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2015. — 656 с.: іл. ISBN 978-985-11-0839-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гервяты , Radzima.org
- Гервяты (рас.), Глёбус Беларусі
- Гервяты, Vandrouka.by
|