Паходжаньне і раса Ёды невядомыя. Ён навучаўся джэдайскаму майстэрству ў майстроў, выхаваных непасрэдна ў традыцыі часоў Новых войнаў сытхаў(pl). Пасьля гэтага шмат стагодзьдзяў сам займаўся навучаньнем рыцараў-джэдаяў, разам з мабільнай акадэміяй Чу’унтар лётаў па галяктыцы ў пошуках новых адэптаў Моцы, пакуль карабель не разьбіўся на Датаміры.
У «Атацы клонаў» Ёда выпраўляецца на плянэту Каміна з мэтаю ўзяць на ўзбраеньне Рэспублікі войска клонаў. На чале вялізнай арміі Ёда прыбывае на Геанозіс — прытулак сэпаратыстаў, — такім чынам распачынаючы клянічныя войны. Тут адбываецца ягоны паядынак з правадыром сэпаратыстаў Дартам Тыранусам, які сканчаецца ўцёкамі сэпаратыста.
У заключнай фазе клянічных войнаў, прадстаўленай у III эпізодзе, Ёда з батальёнам клонаў выпраўляецца на родную плянэту вукаў — Кашыіік — дзеля каардынацыі дзеяньняў супраць сэпаратыстаў. Акурат у гэты час канцлер Палпатын уводзіць у дзеяньне загад 66, накіраваны на вынішчэньне джэдаяў, аднак Ёда здолеў ацалець, забіўшы пасланых да яго клонаў-асасынаў.
Пасьля ўтварэньня імпэрыі і паразы ў бітве з Палпатынам, у якой ён страціў свой сьветлавы меч, Ёда сыходзіць у падпольле на забагненую плянэту Дагоба. Тут у 3 року ПБЯ яго адшуквае Люк Скайўокер, прысланы духам Обі-Вана Кенобі дзеля навучаньня джэдайскаму майстэрству. Ёда працягвае ягонае навучаньне да ўласнага скону ў «Вяртаньні джэдая» ва ўзросьце 900 гадоў. Па сьмерці аб’яднаўся з Моцай і ператварыўся ў дух, які можа зьяўляцца жывым асобам, што прадэманстравана напрыканцы VI эпізоду.
Паводле задумкі Лукаса, Ёда мусіць заставацца загадкавай асобаю, таму пра яго амаль нічога не вядома. Імя Ёды можа быць узята са старажытнае зямное мовы; так, на санскрыце «yoddha» азначае «жаўнер», а «yodea» на іўрыце — «той, хто ведае».
Выклікае цікавасьць таксама своеасаблівая гаворка Ёды, багатая на разнастайныя інвэрсіі. На галяктычнай асноўнай мове ён размаўляе, выкарыстоўваючы парадак словаў «Аб’ект — суб’ект — дзеяслоў». Напрыклад, сябе ён характарызуе Люку Скайўокеру так:
Памер значэньня ня мае. Паглядзі на мяне. Мяркуеш пра мяне па росьце ты? Га? Гм… А не павінен ты. Бо мой хаўрусьнік — Моц, і магутны хаўрусьнік гэта.
У першай трылёгіі ролю Ёды выконвала лялька, якою кіраваў і агучваў Фрэнк Оз. У першай сэрыі трылёгіі-прыквэла Ёда часткова быў анімаваны кампутарна, часткова выкананы лялькай. У наступных сэрыях ён ужо выключна згенэраваны кампутарна.
Ёда ня браў удзелу ў «Новай надзеі», але ягонае імя згадвалася ў сцэнары.
Паводле задумкі Лукаса, Ёда павінен заставацца загадкаваю, нераскрытаю цалкам істотаю. Ягонае паходжаньне і мінулае забаронена апісваць ва ўсіх кнігах, мультфільмах, гульнях ды іншых творах па матывах «Зорных войнаў».
Італьянскія прыхільнікі «Зорных войнаў», асабліва дзеці, часта называюць Ёду «першым сардынцам» або «тым, хто гаворыць па-сардынску». Гэта тлумачыцца тым, што пры перакладзе фільмаў на італьянскую мову манера размовы Ёды вельмі нагадвала сардынскі акцэнт, які лічыцца ў Італіі дзіўным і нават бязглуздым.