[go: up one dir, main page]

Academia.eduAcademia.edu
В. С. Іванова Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ШЛЯХІ ЗАХОЎВАННЯ СПАДЧЫНЫ Я. ДРАЗДОВІЧА Гістарыяграфія, якая тычыцца жыцця, дзейнасці, дакументальнай і творчай спадчыны Я. Драздовіча надзвычай шматлікая, але дастаткова моцна белетрызаваная, пераважна без спасылак на дакументы яго архіва. Першая біяграфія Драздовіча была напісана Пётрам Сергіевічам на 50-годдзе мастака ў 1938 г. і апублікавана ў часопісе «Калоссе». Базіравалася яна на аўтабіяграфіі мастака і амаль даслоўна яе паўтарала [20, 10]. Сучаснае адкрыццё Драздовіча і шырокая папулярызацыя яго дзейнасці адбыліся пасля выдання нарыса «Вечны вандроўнік» А. Ліса ў 1984 г. [7]. Праца фактычна засноўвалася на архіве мастака, знойдзеным аўтарам, але не ўтрымлівала спасылак і агляду дакументальных крыніц. Найбольш грунтоўнае выяўленне твораў Я. Драздовіча ў сучасных сховішчах і фактычна рэканструкцыя яго спадчыны была зроблена Я. Куліком, М. Купавам, А. Марачкіным, падчас падрыхтоўкі першай выставы твораў Я. Драздовіча да яго 90-годдзя, што праходзіла ў 1979 г. [2, арк. 1–2]. Працягам гэтай працы стала выданне фундаментальнага альбома з пералікам твораў Я. Драздовіча з розных сховішчаў, а таксама біяграфічным нарысам, дзе выкарыстаныя здымкі і інфармацыя з асабістага архіва мастака [21]. У 2020 г. супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (НГМ) зроблена падрабязнае апісанне 4 альбомаў Я. Драздовіча, што раней захоўваліся ў Беларускім музеі імя І. Луцкевіча ў Вільні (БМВ) [5]. Першая грунтоўная праца з навуковым аналізам аднаго з кірункаў дзейнасці Я. Драздовіча – яго лінгвістычнай спадчыны – выйшла ў 2022 г. [3]. Яна цалкам заснаваная на дакументах асабістага архіва мастака, але у той жа час тут заўважны недахоп глыбокага асэнсавання механізмаў і шляхоў іх захоўвання. Адсутнасць комплекснай навуковай манаграфіі аб жыцці і дзейнасці Я. Драздовіча, а таксама цэласнага навуковага апісання яго спадчыны прымушаюць аўтараў нават невялікіх артыкулаў, прысвечаных асобным аспектам яго дзейнасці, нанова займацца біяграфічнымі і архіўнымі даследаваннямі, зноў і зноў ствараючы біяграфію мастака. Творчая і дакументальная спадчына асобы, яе асабісты архіў могуць уключаць у сябе ўсе сведчанні дзейнасці – не толькі дакументы і артэфакты, але ўласна прастору, якая вызначала жыццёвы шлях і памяць пра яе. Па выніку дзейнасці кожнага творцы застаюцца асобныя дакументы ці іх комплексы, часам артэфакты і значна радзей праяўляецца ўплыў прасторы на гэтую дзейнасць, яе фіксацыя ў вуснай калектыўнай памяці. Працуючы з вялізнай гістарыяграфіяй, прысвечанай дзейнасці Язэпа Драздовіча, непазбежна прыходзіш да думкі найперш аб яе невераемнай шматграннасці, а пасля – аб цяжкасці асэнсавання з-за адсутнасці яе комплекснага даследавання, ацэнкі масштабаў і з-за ўнікальнасці самой асобы. Вывучэнне дакументальнай і творчай спадчыны Я. Драздовіча ўключае выяўленне механізмаў стварэння, збірання, 301 захоўвання і перамяшчэння, лакун і страт, ступені вывучанасці і кірункаў магчымых пошукаў і даследавання. Язэп Драздовіч працаваў у галіне медыцыны, адукацыі (настаўніцтва), як арганізатар і ўдзельнік грамадскіх устаноў, пісьменнік і паэт, лексікограф і мовазнаўца, этнограф (а часам, калі ўзгадаць яго вандроўку ў Кушляны на радзіму Ф. Багушэвіча, – то і вусны гісторык [22, с. 38–40]), археолаг, небазнаўца, краязнаўца і інш. Асноўнай жа была праца ў розных кірунках выяўленчага мастацтва (замалёўкі архітэктуры, этнаграфіі, карціны, дываны, вокладкі кніг, дэкарацыі), разбярства (кійкі, разбяныя партрэты, скрынкі, дрэварыты) і інш. Прастора, у якой жыў і ствараў Я. Драздовіч, – гэта вялікі архіў, месца памяці. Гэта разумеюць усе даследчыкі, што працуюць са сападчынай мастака. Прастора Я. Драздовіча ахоплівае найперш яго родныя мясціны (Пунькі, Ліпляны, Падсвілле, Галубічы, Германавічы, Лужкі, Глыбокае і інш.). Да прасторы Я. Драздовіча адносіцца ў пэўным сэнсе Вільня, Мінск, Навагрудак і іншыя месцы, дзе ён жыў некаторы час. Але яны былі для мастака больш далёкімі, чужымі і неспрыяльнымі да жыцця. Успрымаліся хучэй з пункту гледжання даследчыцкай ці мастацкай цікавасці. Вобраз Я. Драздовіча стаў часткай калектыўнай памяці вяскоўцаў Дзісненшчыны і Глыбоччыны: «Я відзела яго. Прыхадзіў сюда. У нас на пагорку там карціну рысаваў. У Малых Давідках пахаронен. І каўры рысаваў. Усяк было маляваў» (Бурэнь Ефрасіння Герасімаўна, 1932 г. н., Селішча, Глыбоцкі р-н. // Асабісты архіў аўтара. Інтэрв’ю запісана ў 2014 г. 00:46:56). «Ён хадзіў – такая белая торба на плечах і рысаваў на сцены каўры такія. Ну нада ж было пражыць. Як дуроковаты… Ужо із дзяцьмі гаварыў. У нас ён маляваў. Ужо посьлі ён у Барылы ў такім усадзьбы маліваў, але казалі ён за гэта награду нейкую палучыў. І тады як захварэў, яго тут роственніца ў Селішчы была нейкая, у Падсвіллі ён у бальніцы ляжаў і ніхто на яго не ўніманія ні абрашчаў, нічога. І памёр, а ўжо як памёр тады агледзеліся, што ён ужо гэткі разумны, а так дык есьці не было чаго, хадзіў каб есці далі. Я помню белыя штаны і гэта і на плячах гэта торбачка такая і хадзіў па хатах, маляваў…» (Атвалка Любоў Арцёмаўна, 1932 г. н., в. Атвалкі І, Глыбоцкі раён, Віцебская вобл. // Асабісты архіў аўтара. Інтэрв’ю запісана ў 2014 г. 00:48:57). Падобныя характэрныя ўспаміны аб знешнім выглядзе, характары, звычках, імкненні да малявання, апошніх гадах жыцця Я. Драздовіча, а таксама раскіданасці яго карцін, дываноў і дакументаў па хатах сустракаюцца і ў іншых успамінах мясцовых жыхароў [9]. Першыя крокі па захоўванні вынікаў уласнай дзейнасці былі зробленыя Я. Драздовічам у часы «Нашай Нівы». З ёй мастак пачаў актыўнае супрацоўніцтва прыкладна з 1907 г. Спачатку гэта была праца па ўкладанні і распаўсюджванні «Беларускага календара»: «1907–1908–1909–1910 прынімаю учасьце ў працах нашаніўцаў (кареспандэнцыі, укладаньня (з Властам і Палуянам) на 1910 г. “Беларускага календара”, дэкараванні Першай беларускай вечарыны і г. д.» [19, арк. 10]. У кастрычніку 1910 г. рэдакцыя прасіла Я. Драздовіча садзейнічаць распаўсюджванню беларускага 302 календара сярод сялян Дзісненшчыны [16, арк. 2]. У верасні 1912 г. у «Нашай Ніве» быў надрукаваны артыкул з заклікам збіраць рэчы, рукапісы і кнігі ў беларускі музей пры рэдакцыі газеты [6]. Гэта быў праграмны тэкст аб стварэнні і кірунках камплектавання беларускага нацыянальнага музея пры «Нашай Ніве», які ў сваю чаргу стаў асновай для БМВ. У канцы 1913 г. Драздовіч «паслаў у Вільню на імя рэд[актара] газеты “Наша Ніва” падаць на выставу цэлую калекцыю сімбалічных абразоў» [20]. «У посылцы я выслаў…: “Трызна мінуўшчыны”, “Злыя чары”, “Золак будучыні1” і “Хаос печалі”, або усё разам “Боль душы молодой” і колькі рысункоў віннеток пером» [1, арк. 44–45]. Хаця ў вышэйадзначаным лісце былі сумневы, ці не згублена гэта пасылка на пошце, у пазнейшай аўтабіяграфіі 1938 г. мастак кажа, што пасылка ўсё ж была атрымана, аднак лёс гэтых малюнкаў у далейшым так і застаўся невядомым: «Атрымалі і дзякавалі праз ліст Ластоўскага, а што з тымі абразамі, – німа ведама» [20, арк. 9 адв.]. Яшчэ адна пасылка з невядомым зместам была даслана на адрас «Нашай Нівы» 3 лютага 1914 г. [1, арк. 44–45] 4 ліпеня 1915 года І. Луцэвіч (Янка Купала) таксама дасылае Драздовічу падзяку за малюнак курнай печы, дасланы ў рэдакцыю газеты [16, арк. 2; 3, с. 540]. У гэтым жа годзе В. Ластоўскі просіць Я. Драздовіча, карыстаючыся паштоўкай з выявай Ф. Скарыны, намаляваць партрэт асветніка да 400-годдзя беларускага друку, якое мусіла святкавацца ў 1917 г. Такім чынам, Драздовіч пачынае ўдзельнічаць у камплектаванні музея і архіва «Нашай Нівы» ў 1913–1914 гг., перадаючы на захоўванне і экспанаванне свае замалёўкі, імаверна гісторыка-этнаграфічнага кшталту і сімвалічныя карціны. Другі, трохі пазнейшы, кірунак збірання і захоўвання прац Я. Драздовіча звязаны з суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» і імем прафесара Б. І. Эпімаха-Шыпілы. У аўтабіяграфіі і дзённіку за 1916 г. Я. Драздовіч паведамляе: «Рысункі і малюнкі адсылаю ў Петраград у суполку “Загляне…” прафесару Б. І. Эпімаху-Шыпілу на заховы. А праз год адважу туды сабраную мной калекцыю акамянеласцяў, а заадно і адну з маіх лепак (галоўка “Плач Гарыславы”). А другую: бюст Францішка Скарыны адважу у Полацак, на заховы ў паэтэсы Канстанцыі Буйлы» [17, арк. 2]. «Што з ім сталася пазней няведама, як няведама, што сталася па смерці пр. Б. І. Эпімах-Шыпілы і з маімі малюнкамі ды рысункамі, якія я яму даў на заховы – малюнкі “Дух усходу”, “Брама будучыні”, “1917”, Рысункі “Сон” (прадвешч. Гібель цара з наследнікам), “Крыга”, Карабель-пяцілучнік”, “Ідуць-ідуць”, “5”, “7”, “На незатопленай скале”, “Сярод бушуючага мора» [22, с. 516, 535]. Гэтыя малюнкі, па сведчаннях з дзённіку, ён таксама абмяркоўваў з Б. І. Эпімахам-Шыпілам. У 1917–1919 гг. мастак знаходзіцца на радзіме на Дзісненшчыне, дзе акрамя грамадскай дзейнасці займаецца замалёўкамі ў Германавічах, Стадолішчы і інш. А з 1919 г. да 1921 г. – у Мінску, дзе працуе над афармленнем кніг Я. Фарботкі, А. Грыневіча, Л. Чарняўскай, Я. Лёсіка, М. Краўцова2, серыяй замалёвак і кра1 2 Закрэслена назва «Брама будучыні». Частка знаходзіцца сёння на захоўванні ў НГМ. 303 явідаў Мінска, таксама ўдзельнічае ў афармленні выданняў «Рунь», «Вольны сцяг» і «Зорка» [8]. У сваёй «Аўтаграфіі навуковага пісьменства» мастак паведамляе, што альбомы з даследчыцкай працы ў Мінску і ваколіцах – замчышча Мінска або Нямігі, замчышча Ізяслаўль (Заслаўе), вальная царква ў Заслаўі, Замэчак, Стары Мінск – страчаны [12]. З Мінскай серыі 1919–1920 гг. захавалася толькі 7 малюнкаў (БМВ. № 7818–7824; НММ КП 016117–016122), якія былі апублікаваны [21, с. 32–33]. Наступны перыяд дзейнасці мастака шчыльна звязаны супрацоўніцтвам з Інбелкультам (пасля Беларускай акадэміяй навук – БАН). За гэты перыяд Драздовіч даслаў у БАН больш за 1 тыс. сваіх замалёвак у складзе альбомаў, больш за 200 песень і іншых фальклорных запісаў, матэрыялы да агульнага слоўніка беларускай мовы да літары В (колькасць картак ў апісаннях не пазначана), больш за 2 тыс. запісаў навуковай тэрміналогіі па анатоміі, фізіялогіі і тэхніцы. Трэба меркаваць, што захаваліся толькі некаторыя копіі ці фрагменты гэтых матэрыялаў, ці тое, што як альбом драўлянай архітэктуры было вернута мастаку назад, паколькі зборы БАН вельмі пацярпелі падчас вайны [4]. Не захавалася і справаводства, якое магло б утрымліваць інфармацыю пра лёс гэтых каштоўнасцей. У НММ і НГМ – захоўваецца пераважна тое, што было перададзена Я. Драздовічам ў БМВ, а пасля ліквідацыі апошняга – у БССР [5, с. 7–12]. Найбольш значнае супрацоўніцтва па збіранні і захоўванні спадчыны ў 1920– 1930-я гг. адбывалася ў мастака менавіта з БМВ1. Калі падводзіць вынікі гэтага супрацоўніцтва, то можна канстатаваць, што ўсяго ў інвентарных кнігах музея зафіксавана 1600 адзінак захоўвання (ці 2472, калі асобна лічыць малюнкі ў складзе альбомаў), перададзеных Драздовічам. Гэта: 975 малюнкаў у складзе 49 альбомаў, 2 табакеркі, 3 скрынкі з дрэва; абломкі посуду, кафлі і жалезныя прадметы з Наваградскага, Гальшанскага, Крэўскага і Троцкага замкаў; 4 паштоўкі і 1 фотаздымак. У рэальнасці экспанатаў, сабраных Драздовічам было значна больш, паколькі этнаграфічныя прадметы, археалогія са Свірскай гары і нумізматыка, не пазначаны ў інвентарных кнігах як атрыманыя ад Драздовіча. У інвентарныя кнігі не занесеныя і дрэварыты з партрэтамі М. Машары, А. Грыневіча і Я. Пачопкі, драўляныя кійкі і некаторыя іншыя прадметы. Усяго ў музеі было заінвентарызавана 9421 адзінка, і таму сабранае Драздовічам – гэта не менш як шостая частка гэтых збораў. Агулам ацэньваючы свае зборы, перададзеныя ў БМВ Я. Драздовіч пісаў, што ў ім «нет ни одного отдела без доставленных мною экспонатов. Тут и графика, тут и живопись, тут и резьба з дерева, тут и целые археологические да этнографические коллекции, собранные мной» [19, арк. 14]. Сам Драздовіч, гэтаксама як і іншыя працаўнікі і супрацоўнікі музея, стварылі па словах К. Сваяка «цэлыя кампазіцыі, што абымаюць ледзь не ўсю ідэалогію» тагачаснай Беларусі [22, с. 18–20]. Больш падрабязна гісторыя супрацоўніцтва Я. Драздовіча з Інбелкультам (БАН) і БМВ будзе апублікавана асобным артыкулам. 1 304 У 1950 г. мастак падводзіць вынікі сваёй дзейнасці, складаючы «Аўтаграфію навуковага пісьменства» [13, арк. 8–12] і «Аўтаграфію мастацкай дзейнасці» [13, арк. 24–26]. 11 студзеня 1953 г. Я. Драздовіч прапаноўвае сваю скарынаўскую серыю (5 карцін), створаную ў ваенны перыяд, на захоўванне ў Музей Я. Купалы. Гэта карціны «Друкарня Скарыны у Вільні 1525 г.», «Партрэт Скарыны», «Кніганабыўцы», «У свет па навуку», «Са свету з навукай» [15, арк. 2]. Гэта адзін з апошніх захаваўшыхся яго лістоў. Памёр мастак 15 верасня 1954 г., а скарынаўская серыя ў той час так і не была набытая музеямі. У 1965 г. праз пасрэдніцтва А. Ліса, пісьменніка і супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, які першым пачаў вандраваць па мясцінах Я. Драздовіча, стала вядома, што ў жыхаркі в. Дворанава Глыбоцкага раёна пляменніцы Я. Драздовіча (дачка Гераніма Драздовіча) Ядвігі Шыпілы захоўваюцца яго дакументы і малюнкі. Тагачасная загадчыца аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН БССР Л. А. Малаш пачала з ёй перапіску. Праз некаторы час рукапісныя і графічныя матэрыялы, скульптурныя і жывапісныя працы, этнаграфічныя рэчы былі набыты бібліятэкай. Рукапісныя і графічныя матэрыялы былі апрацаваны і склалі фонд Я. Драздовіча. Сярод іх былі і дзённікавыя запісы Драздовіча, якія ў момант набыцця захоўваліся ў адным з куфэркаў, упрыгожаных разьбой. Шэраг матэрыялаў Драздовіча бібліятэка атрымала і ад Янкі Пачопкі з Летнікаў. 6 кастрычніка 1966 г. Пётра Сергіевіч перадаў у ЦНБ 6 карцін («Спаленыя сялібы», «Дух злы над чалавекам», «Спатканне вясны на Сатурне», «Трывеж», «Др. Ф. Скарына», «Ф. Багушэвіч»), альбом з Палесся «Сельскагаспадарчыя прылады», аб якім ішла гаворка, вышэй і іншыя графічныя замалёўкі, фотакопіі з замалёвак і карцін Я. Драздовіча (17 асобнікаў), 7 малюнкаў рухаў нябесных свяціл, брашура «Нябесныя бегі», часопіс «Студэнцкая думка» (1925, № 1). Таксама П. Сергіевічам быў перададзены 184 карткі «Слоўнікавага матэрыялу з Дзісненшчыны. Літ Б. 12.05.1927». Гэтыя матэрыялы, як відаць з пазнак, былі дасланы Драздовічам ў БМВ А. Неканду-Трэпцы праз д-ра Дварчаніна [13]. З перададзенага Сергіевічам не менш за 5 адзінак знаходзіліся на захоўванні ў БМВ: партрэт Ф. Багушэвіча, альбом замалёвак сельскагаспадарчых прылад з Палесся, слоўнікавы матэрыял з Дзісненшчыны і фотакопіі карцін Драздовіча [11]. Апошнія таксама маюць штамп бібліятэкі Урублеўскіх. Сам фонд быў апрацаваны і стаў даступны для выкарыстання ў 1975 г. Доўгі час бібліятэка рабіла спробы перадаць жывапісныя палотны, скульптурныя і этнаграфічныя матэрыялы Драздовіча ў музеі Мінска, але не знаходзіла разумення. Нарэшце, ў 1977 г. яны былі перададзены ў новы Музей старажытнабеларускай культуры АН БССР [22, с. 85–87]. Там захоўваецца не менш за 30 прац Драздовіча, у т. л. 3 карціны скарынаўскай серыі, 6 карцін касмалагічнай тэматыкі, 2 карціны прысвечаныя Усяславу Чарадзею, 12 драўляных скульптур і партрэтаў. Такім чынам, маем два асноўныя шляхі захоўвання спадчыны Я. Драздовіча. Першы – гэта захаванае ў БМВ і перададзенае ў складзе яго збораў у сховішчы Літвы 305 і Беларусі (у Нацыянальным літоўскім музеі (НЛМ) – не менш за 40 прац, у Нацыянальным мастацкім музеі (НММ) – 13 мастацкіх прац і 117 графічных, у НГМ – не менш за 40). Другое – захаванае ў сваякоў, знаёмых і па вёсках («Што за хата, калі ў ёй няма карціны Драздовіча») і перададзенае ў ЦНБ і музеі Беларусі, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гг. Гэтыя дзве траекторыі пераважна не перакрыжоўваюцца, калі не лічыць вышэйпералічаных матэрыялаў БМВ, якія захаваліся ў Сергіевіча. З творчай спадчыны Драздовіча было найхутчэй страчана: дасланае ў рэдакцыю газеты «Наша Ніва» (1910–1915), суполку «Загляне сонца ў наша ваконца» і Б. Эпімаху-Шыпілу ў Пецярбург 1916–1917, Інбелкульт і БАН (1926–1933). Ёсць звесткі пра перасылку некаторых прац у пачатку 1950-х гг., месца захоўвання якіх таксама невядомае. З мінскіх альбомаў 1920 г. (па сведчанні самога мастака – страчаных) вядомы толькі 7 асобных замалёвак, якія захоўваюцца ў НММ і апублікаваны ў альбоме-манаграфіі 2002 г. Не захавалася і вялікая частка таго, што мастак пакінуў у сваякоў, знаёмых і проста па вёсках. Мастак з вялікай увагай, вельмі ашчадна ставіўся да сваёй спадчыны: «Адна з самых найбалючэйшых з язваў майго набалелага-перабалелага… перачуўшага-перацярпеўшага… сэрца з’яўляецца безнадзейнасць і нявера мая ў жыццё маёй працы: гэта страх сьмерці маіх твораў…» [3, с. 543–544; 14, арк. 2]. Альбомы графікі, ліставанне былі пераплеценыя і праанатаваныя. На пераплёт мастак выдаткоўваў асобныя сродкі. Анатацыі часта вельмі разгорнутыя, скіраваныя на тое, каб упісаць асобны дакумент ці фотаздымак ў агульны біяграфічны аповед, вызначыць і ўдакладніць дэталі. Напрыклад на фотаздымках з Мінску ўдалечыні стаіць чалавек ў белай кашулі і брылі. З апісанняў вынікае, што гэта і ёсць сам мастак, а фотаздымкі зроблены вядомым фатографам Л. Дашкевічам. На альбомы ліставанняў з К. Сваяком, А. Грыневічам, Б. Эпімах-Шыпілам мастак рабіў адмысловыя экслібрысы [18] (іл. 1). Іл. 2. Прыклад апісання Іл. 1. Прыклад апісання фотаздымкаў [ЦНБ НАН. — фотаздымкаў [ЦНБ НАН. — Ф. 2. Воп. 1. Спр. 65. Л. 4.] Ф. 2. Воп. 1. Спр. 65. Л. 4 адв.] 306 Іл. 3. Экслібрыс Б. ЭпімахаШыпілы на сшытку з яго лістамі [ЦНБ НАН. — Ф. 2. Воп. 1. Спр. 54. Л. 1] Такім чынам, да асаблівасцей асабістага архіва Я. Драздовіча адносяцца: неабходнасць яго разгляду ў кантэксце прасторы і памяці рэгіёна, шматгранасць і паўнавуковы, краязнаўчы характар дзейнасці, частая змена кірункаў дзейнасці («раз на тры гады»), існаванне ўласных методык і механізмаў збору, захоўвання і апісання матэрыялу, адсутнасць месца іх сталага захоўвання, у выніку чаго ўся прастора паўстала як вялікі архіў Я. Драздовіча. Істотным было імкненне мастака да дакументавання, упарадкавання і захоўвання, што было выклікана як жаданнем пакінуць памяць, так і неабходнасцю матэрыяльнага заробку. Крыніцы і літаратура 1. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). – Ф. 3. Воп. 1. Спр. 97. 2. БДАМЛМ. – Ф. 518. Воп. 1. Спр. 251. 3. Галуза, І. Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы / І. Галуза. – Мінcк : Беларус. навука, 2022. – 676 с. 4. Глеб, М.В. Документы Центрального научного архива НАН Беларуси как источник по истории академической науки / М.В. Глеб // Институт белорусской культуры и становление науки в Беларуси. – Минск, 2012. – С. 338–341. 5. Графіка беларускіх мастакоў 1920–1930-х гадоў этнаграфічнай тэматыкі са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь : каталог / Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. – Мінск : БелЭн, 2020. – С. 7–12. 6. З нашаго жыцця. Збіраймо рэчы ў беларускі музей // Наша Ніва. – 1912. – № 37. – С. 3. 7. Ліс, А. Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча / А. Ліс. – Мінск : Юнацтва, 1984. – 251 с. 8. Ляхоўскі, У. Мінскі перыяд жыцця Язэпа Драздовіча (1919–1921 гг.) у адлюстраванні новых архіўных дакументаў / У. Ляхоўскі // Знакамітыя мінчане ХІХ–ХХ стст. – Мінск, 2010. – С. 92–101. 9. Рудак, П. Яго жыццё – вечная вандроўка. Язэп Драздовіч. 2019– 2020 [Электронны рэсурс] / П. Рудак, Т. Пасюк // Падсвільская сярэдняя школа Глыбокскага раёна імя Героя Савецкага Саюза П.М. Казлова. – Рэжым доступу: https://podsville.rooglub.gov.by/shkolnyj-muzej/tematicheskie-ekskursii/975-yagozhytstsjo-vechnaya-vandro-ka – Дата доступу: 24.10.2023.; Дудзько, В. Я слухаў Язэпа Драздовіча / В. Дудзько // Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак : успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. М. Казлоўскага. – Мінск : Маст. літ., 2014 – С. 37–38; Майсяёнак, А. Хвароба і скананне вандроўнага мастака / А. Майсяёнак // Праз церні… С. 34–38; Лубчонак, В. Дзядзька Язэп у маёй памяці / В. Лубчонак // Праз церні… С. 196–199. 10. Сергіевіч, П. Язэп Драздовіч / П. Сергіевіч // Калосьсе. – 1938. – № 3. – С. 183–187. 307 11. Цэнтр даследаванняў старадрукаваных выданняў рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН). – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 5. 12. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 13. 13. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 30. 14. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 38. 15. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 40. 16. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 45. 17. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 46. 18. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 49, 52. 19. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 69. 20. ЦНБ НАН. – Ф. 2. Воп. 1. Спр. 79. 21. Язэп Драздовіч [Выяўленчы матэрыял] : альбом-манаграфія / уклад. М. Купава. – Мінск : Беллітфонд, 2002. – 179 с. 22. Язэп Нарцызавіч Драздовіч. Праз церні да зорак : успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. М. Казлоўскага. – Мінск : Маст. літ., 2014. – 541 с. 308 К. Р. Карпекін Установа «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» ГІСТОРЫЯ МАЁНТКА СТАНІСЛАВОВА ЛЁЗНЕНСКАЙ ВОЛАСЦІ Ў 1740-я – 1910-я гг. ПАВОДЛЕ АРХІЎНЫХ ДАКУМЕНТАЎ Аднымі з найбольш прыкметных аб’ектаў, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці і маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, з’яўляюцца былыя маёнткі (рэшткі сядзіб, гаспадарчых пабудоў, паркаў і да т. п.). Далёка не кожнаму з іх нададзены статус, які гарантаваў бы ахову з боку дзяржавы, але кожны з такіх аб’ектаў мае багатую гісторыю, пра што сведчаць архіўныя крыніцы. Выяўленне і сістэматызацыя звестак пра памешчыцкія сядзібы паспрыяюць развіццю турызму ў рэспубліцы, а таксама выхаванню патрыятызму на прыкладзе мясцовай гісторыі. Дадзенае даследаванне прысвечана аднаму з такіх маёнткаў – уладанню Станіславова, якое знаходзілася ў межах сучаснага Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Найбольш раннія звесткі пра маёнтак Станіславова, якія ўдалося выявіць, адносяцца да 1740-х гг. Гэтыя землі набыў у свайго брата Багуслава ваявода віцебскі Марцыян Міхал Агінскі (у гэты час лаўніцтвам Станіславова, якое таксама называлася Замошшам, карыстаўся нехта Шпакоўскі). У жніўні 1744 г. М. М. Агінскі пераразмеркаваў набытыя землі, у выніку чаго Станіславова перайшло да падстаросты барысаўскага Самюэля Рагозы [4, с. 350]. Паводле стану на 1772 г. гэтае зямельнае ўладанне належала ўдаве Рагозінай – па ўсёй верагоднасці, жонцы С. Рагозы, які да гэтага часу памёр. У гэты час маёнтак, адміністрацыйным і гаспадарчым цэнтрам якога з’яўлялася сяло Станіславова (з 1780-х гг. гэтае пасяленне значыцца як сяльцо), ахопліваў яшчэ фальварак (Марцюткава) і 5 вёсак [2, арк. 33 адв.]. Ва ўсіх пасяленнях пражывала насельніцтва толькі хрысціянскага веравызнання, выключэннем была в. Дразды, дзе апроч прадстаўнікоў згаданай канфесіі налічвалася 5 іўдзеяў (зыходзячы з практыкі тых часоў, можна меркаваць, што яны з’яўляліся арандатарамі) (табліца 1). Да 1783–1784 гг. Станіславова перайшло да сыноў Самуіла Рагозы – Адама, Антона і Фадзея – і з’яўлялася іх агульным уладаннем [1, с. 112]. Адам Рагоза займаў пасаду віцебскага канюшага, Антон Рагоза з’яўляўся засядальнікам верхняга земскага суда Полацкага намесніцтва [9, арк. 1]. Паводле стану на 1 лістапада 1783 г. на тэрыторыі маёнтка Станіславова знаходзіліся такія населеныя пункты, як сёльцы Станіславова і Марцеткава, сяло Станіславова, вёскі Баравая, Дразды, Езярок, Замошша і Пронская. Такім чынам, у 1770-я – пачатку 1780-х гг. у межах маёнтка ўзнік новы населены пункт – сяло Станіславова, якое размяшчалася на поўнач ад аднайменнага сяльца (іл. 1). У гэты час насельніцтва маёнтка складала амаль 400 чалавек (табл. 1), а плошча зямельных угоддзяў дасягала больш як 2,4 тыс. дзесяцін (табл. 2). 309